ProfSkills: у Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным каледжы прайшлі спаборніцтвы па сталярнай справе

ProfSkills: в Витебском государственном технологическом колледже прошли соревнования по столярному делу
Адборачныя спаборніцтвы для ўдзелу ў конкурсе прафмайстэрства па стандартах ProfSkills па кампетэнцыі «Сталярная справа» адбыліся ў філіяле Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта «Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны каледж».

На базе цэнтра кампетэнцый спаборнічалі лепшыя навучэнцы 1 – 2-га курсаў спецыяльнасцей, звязаных з дрэваапрацоўкай.

Як патлумачыла намеснік дырэктара па вытворчым навучанні Таццяна Еўтухоўская, канкурсантам трэба было вырабіць табурэтку, пачынаючы ад выканання чарцяжа, нарыхтовак, зборкі да шліфоўкі і давядзення да дасканаласці гатовага вырабу.

Ацэньвалі навыкі навучэнцаў вопытныя эксперты па сталярнай справе – майстры вытворчага навучання каледжа Максім Сівакоў (нацыянальны эксперт) і Сяргей Клёс.

– З дапамогай камп'ютарнай праграмы мы правяраем усе зазоры, кожнае сталярнае злучэнне, ацэньваем якасць гатовага вырабу, – патлумачыў Максім Сівакоў, які ў свой час скончыў каледж і працуе ў ім ужо каля 20 гадоў.

 

 

Па словах майстра, навучаць найноўшым тэхналогіям па перапрацоўцы драўніны, уключаючы раскрой лесаматэрыялаў, сушку, выраб сталярна-будаўнічых вырабаў, мэблі з ламінаваных дрэвастружкавых пліт, дапамагае дарагое высокатэхналагічнае сучаснае абсталяванне вытворчасці Аўстрыі, Германіі, Італіі, Японіі, Кітая. Дрэваапрацоўчыя станкі, лініі, электрыфікаваныя інструменты актыўна ўжываюцца на міжнародных конкурсах. Гэта абсталяванне абнаўляецца кожны год.

Спаборніцкі аспект у адукацыйным працэсе дазваляе выявіць таленавітых навучэнцаў, павысіць прэстыж рабочых прафесій, дапамагае рабятам лепш асвоіць інавацыйныя тэхналогіі і высокатэхналагічнае абсталяванне, лічаць супрацоўнікі каледжа. Тут пры падрыхтоўцы спецыялістаў дрэваапрацоўчай галіны актыўна ўкараняюць практыкаарыентаваную мадэль навучання, выкарыстоўваючы адукацыйны вопыт Даніі, Германіі, Швейцарыі, Расіі.

 

 

Удзел у конкурсе дае досвед, павышае ўзровень майстэрства, стымулюе цікавасць да прафесійнага росту. Назіраючы адзін за адным, рабяты адкрываюць для сябе новыя тэхналагічныя прыёмы, адзначыла метадыст цэнтра кампетэнцый Вольга Будрык.

– Я мэтанакіравана ішоў сюды вучыцца, бо з дзяцінства дапамагаў дзядулю ў сталярнай майстэрні, убіраў атмасферу, звязаную з дрэваапрацоўкай. У будучыні хацеў бы працаваць па абранай спецыяльнасці «сталяр, рамшчык, станачнік дрэваапрацоўчых станкоў», – падзяліўся першакурснік з Віцебска Кірыл Юпатаў.

 

 

 

Перад вачыма ў юнакоў – натхняльны прыклад паспяховых выпускнікоў каледжа, якія працягваюць працаваць на прадпрыемствах абласнога цэнтра або адкрылі ўласную справу. Так, госцем спаборніцтваў быў выпускнік 2021 года па спецыяльнасці «тэхнік-тэхнолаг» Дзяніс Шынкевіч, кіраўнік мэблевай вытворчасці адной з маскоўскіх фірмаў, пераможца III Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus 2018 (у кампетэнцыі «Сталярная справа»). Ён удзячны каледжу за атрыманую рэальна запатрабаваную спецыяльнасць, якая яму дапамагла знайсці сябе.

Па выніках спаборніцтваў пераможцам стаў Станіслаў Місюра. Юнак прадставіць каледж на рэгіянальным этапе VI Рэспубліканскага конкурсу прафмайстэрства па стандартах ProfSkills. Другое месца заваяваў Аляксей Лубаў, трэцяе – Андрэй Церашкін.

"ВІЦЕБСКІЯ ВЕСТКІ"