Прафсаюзныя арганізацыі Віцебскай вобласці акажуць дапамогу ўсім адзінокім ветэранам рэгіёна
9 лютага, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Прафсаюзныя арганізацыі Віцебскай вобласці напярэдадні 65-годдзя Перамогі возьмуць шэфства над усімі адзінокімі ветэранамі, удзельнікамі і інвалідамі Вялікай Айчыннай вайны. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў старшыня Віцебскага абласнога аб'яднання прафсаюзаў Уладзімір Фурсаў.
У цяперашні час удакладняюцца спісы такіх людзей, пасля чаго за кожным з ветэранаў будуць замацаваны галіновыя прафсаюзныя арганізацыі з мэтай аказання дапамогі. "Наша падтрымка будзе разнапланавай. Гэта і правядзенне дробнага рамонту, дапамога ў апрацоўцы прысядзібных участкаў, вядзенні хатняй гаспадаркі, вырашэнні нейкіх арганізацыйных пытанняў, што часам таксама цяжка для пажылых людзей", - адзначыў суразмоўнік.
Рэалізацыя мерапрыемства праводзіцца ў рамках рэспубліканскай акцыі "Прафсаюзы - ветэранам", якая стартавала ў лютым і ў далейшым будзе праходзіць на бестэрміновай аснове. Яе другім важным напрамкам стане добраўпарадкаванне памятных месцаў: воінскіх пахаванняў, абеліскаў, помнікаў і г.д. У кожным рэгіёне вобласці будуць вызначаны і замацаваны за прафсаюзамі некалькі такіх аб'ектаў. На іх добраўпарадкаванне абласным аб'яднаннем ужо сабрана каля Br6 млн. Работы плануецца правесці вясной сумесна з актывістамі БРСМ.
Акрамя таго, у рамках "Прафсаюзы - ветэранам" плануецца правесці культурна-забаўляльныя, пазнавальныя і спартыўныя мерапрыемствы, на якіх ветэраны стануць як удзельнікамі, так і ганаровымі гасцямі, дадаў Уладзімір Фурсаў.-0-