Прафсаюзны конкурс «Новыя імёны Беларусі-2016» стартуе ў лістападзе
Прафсаюзы працягваюць пошук творчых і крэатыўных людзей.
Рэспубліканскі конкурс «Новыя імёны Беларусі» стане штогадовым. Такое рашэнне было прынята на VII З'ездзе Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, якая з'яўляецца арганізатарам творчага спаборніцтва. Праўда, яго фармат некалькі зменіцца.– Конкурс, як і годам раней, праводзіцца для членаў прафсаюзаў – прадстаўнікоў працоўных калектываў, але ўжо без узроставых абмежаванняў, – патлумачыла прэс-сакратар ФПБ па Віцебскай вобласці Алена Усцінава. – У 2016-м спаборніцтва пройдзе пад дэвізам «Ствараючы – тварыць!». Адной з галоўных яго новацый з'яўляецца пашырэнне жанравага напаўнення. У прыватнасці, з'явіцца намінацыя «Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва». У катэгорыі «Сцэнічная творчасць» кожная група (ад 4 да 10 чалавек) можа прыцягнуць толькі аднаго прафесіянала з профільнай адукацыяй у сферы культуры. Таксама ў нумарах могуць удзельнічаць члены сем'яў самадзейных артыстаў.
Конкурс «Новыя імёны Беларусі-2016» разбіты на чатыры этапы. У лістападзе ён стартуе ў працоўных калектывах краіны. Раённы (гарадскі) тур пройдзе ў снежні-студзені, абласны – у лютым-сакавіку. Фінал, куды трапяць самыя таленавітыя і крэатыўныя, адбудзецца ў красавіку-маі 2016 года. Імёны пераможцаў стануць вядомыя 1 Мая, у Свята працы.
Алена Пятрова, «Віцебскія весці».