Прафсаюзы Віцебскай, Смаленскай і Пскоўскай абласцей падпішуць пагадненне аб супрацоўніцтве на 3 гады
20 студзеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Прафсаюзныя аб'яднанні Віцебскай, Смаленскай і Пскоўскай абласцей падпішуць сёння ў Полацку пагадненне аб супрацоўніцтве на 2011-2013 гады, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле інфармацыі і маніторынгу абласнога аб'яднання прафсаюзаў.
Адначасова з падпісаннем трохбаковага рамачнага дакумента аб супрацоўніцтве будзе зацверджана праграма рэалізацыі пагаднення на 2011 год.
Асноўнымі напрамкамі супрацоўніцтва прафсаюзаў трох абласцей з'яўляюцца абарона працоўных і сацыяльна-эканамічных правоў працаўнікоў, падрыхтоўка прапаноў у праекты нарматыўна-прававых актаў, якія закранаюць інтарэсы работнікаў, абмен вопытам, правядзенне сумеснх навукова-практычных канферэнцый і іншых форм навучання прафсаюзных кадраў. Пагадненне таксама прадугледжвае актыўнае ўзаемадзеянне прафсаюзных арганізацый у галіне культуры, фізічнай культуры і спорту, у пытаннях аздараўлення і арганізацыі турысцка-экскурсійнага абслугоўвання працаўнікоў і членаў іх сем'яў.
У праграму рэалізацыі пагаднення на 2011 год уключаны мерапрыемствы, прысвечаныя святкаванню Дня Перамогі, у тым ліку ўшанаванне ветэранаў і Вахта Памяці аб загінуўшых у Вялікай Айчыннай вайне. Традыцыйна на працягу года будзе арганізаваны абмен дэлегацыямі прафаб'яднанняў трох абласцей, запланавана правядзенне канферэнцый, семінараў і спартыўна-аздараўленчых мерапрыемстваў. У верасні ў Оршы будзе праведзена сумеснае пасяджэнне прэзідыумаў прафаб'яднанняў трох абласцей па пытаннях арганізацыі ўзаемадзеяння прафсаюзаў і органаў дзяржкіравання па паляпшэнні дэмаграфічнай сітуацыі ў прыгранічных абласцях Беларусі і Расіі.
У 2011 годзе будзе адзначацца 20-годдзе з моманту ўсталявання ўзаемадзеяння паміж прафсаюзнымі аб'яднаннямі Віцебскай і Смаленскай абласцей. Першае двухбаковае пагадненне аб супрацоўніцтве было падпісана ў 1993 годзе, а ў 1999 годзе да пагаднення далучыўся Пскоўскі абласны савет прафсаюзаў.-0-