Праграма матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння ўстаноў спорту будзе распрацавана ў Віцебскай вобласці
23 жніўня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Праграма матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння ўстаноў спорту на перыяд 2012-2015 гадоў будзе распрацавана ў Віцебскай вобласці. Рашэнне аб гэтым прынята сёння на чарговай сесіі Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Развіццё спорту высокіх дасягненняў немагчыма без развіцця масавай фізічнай культуры, падкрэсліў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец, які прымаў удзел у рабоце сесіі. Паводле даных упраўлення фізічнай культуры, спорту і турызму Віцебскага аблвыканкама, забяспечанасць спартыўным інвентаром у агульнаадукацыйных школах складае 61,2%, у прафесійна-тэхнічных навучальных установах - 55,3%. Старшыня аблвыканкама такое становішча спраў лічыць недапушчальным: "За адзін год неабходна цалкам укамплектаваць усе навучальныя ўстановы спартыўным інвентаром. Раённыя і гарадскія ўлады ў стане гэта зрабіць, заклаўшы ў бюджэт будучага года сумы неабходных выдаткаў", - падкрэсліў губернатар.
На яго думку, да фінансавання праграмы неабходна прыцягваць не толькі бюджэтныя сродкі, але і спонсарскія. Станоўчым прыкладам можа служыць адно з прыватных прадпрыемстваў у Паставах, якое на ўласныя сродкі пабудавала футбольнае поле, што адпавядае ўсім патрабаванням. "Трэба падключаць прыватны бізнес да будаўніцтва такіх аб'ектаў, аднаўлення спартыўных лагераў, аздараўленчых пляцовак у дварах", - перакананы Аляксандр Косінец.
Адной з самых вострых праблем падрыхтоўкі спартыўнага рэзерву і спартсменаў высокага класа ў вобласці з'яўляецца адсутнасць сучасных спартыўных аб'ектаў, адзначыў начальнік упраўлення фізічнай культуры, спорту і турызму Віцебскага аблвыканкама Міхаіл Партной. Існуе вострая неабходнасць будаўніцтва 50-метровага плавальнага басейна, сучаснага лёгкаатлетычнага манежу, гульнявой залы, грэбнай базы, другой лёдавай пляцоўкі з штучным лёдам, канькабежнай дарожкі, маласямейнага інтэрната для таленавітых спартсменаў і трэнераў у Віцебску, другой лёдавай пляцоўкі з штучным лёдам у Наваполацку, лыжаролерных трас у Гарадку і Шуміліне, паведаміў дэпутатам начальнік упраўлення фізічнай культуры, спорту і турызму Віцебскага аблвыканкама Міхаіл Партной. У найкароткія тэрміны неабходна завяршыць будаўніцтва спартыўнага комплексу з залай цяжкай атлетыкі ў Віцебскім дзяржаўным вучылішчы алімпійскага рэзерву, чатырохзальнага спартыўнага комплексу ў Віцебску, лыжаролернай трасы ў Наваполацкім дзяржаўным вучылішчы алімпійскага рэзерву. Таксама неабходна правесці рэканструкцыю лыжаролерных трас і стрэльбішчаў у Віцебскім дзяржаўным вучылішчы алімпійскага рэзерву, у Сянне, спартыўнага комплексу ў Воршы.
Агульная колькасць асоб, якія займаюцца фізічнай культурай і спортам, складае 210 882 чалавекі, што адпавядае 17,3% ад агульнай колькасці жыхароў вобласці. Падрыхтоўку спартыўнага рэзерву ажыццяўляюць 58 спартыўных школ, 2 вучылішчы алімпійскага рэзерву, 2 цэнтры алімпійскага рэзерву, абласная школа вышэйшага спартыўнага майстэрства. У склад нацыянальных і зборных каманд Рэспублікі Беларусь па 38 відах спорту ўключаны 551 спартсмен.-0-