Праграма "Ад Масквы да Брэста..." прагучыць на "Славянскім базары ў Віцебску"
6 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, людзей старэйшага пакалення запрасяць у Летні амфітэатр у Віцебску 12 ліпеня на праграму "Ад Масквы да Брэста..." Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркастра Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга. Мастацкі праект, падрыхтаваны да 65-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, прагучыць у дні XVIII Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аркестры.
Гэта магчымасць пажылым людзям вярнуцца ў маладосць, нанова перажыць радасць перамог і горыч страт, успомніць сваіх любімых і проста паспець разам з салістамі аркестра.
Праграма "Ад Масквы да Брэста..." уключае лепшыя франтавыя песні, якія выконвалі Уцёсаў і Шульжэнка, пазней - Кобзон, Гурчанка, Ляшчэнка. Музыканты і выканаўцы знакамітага аркестра падрыхтавалі сапраўднае тэатральнае касцюміраванае дзейства, ад якога спявае і плача душа не толькі ў былых франтавікоў, работнікаў тылу і дзяцей вайны. Сучасная моладзь таксама не застанецца абыякавай да мелодый, якія атрымалі цудоўную аранжыроўку музыкантаў аркестра. І гэтая праграма - урокі патрыятызму для маладога пакалення Беларусі, якое ўпэўнена крочыць па дарозе незалежнасці.
У праграме прагучаць і тыя песні, што памятаюць ужо нямногія, нотныя запісы якіх нават не захаваліся. Напрыклад, песні 40-х гадоў, якія выконваліся ў аркестры знакамітага Эдзі Разнера. На ўсю праграму "Ад Масквы да Брэста..." зроблены новыя партытуры. Гэты праект мае асаблівае значэнне для кожнага жыхара краіны, лічыць Міхаіл Фінберг. "Таму што ўсе мы - і тыя, хто нарадзіўся адразу пасля вайны, і наступныя пакаленні - жыццём абавязаны сваім прадзедам, дзядам і бацькам, якія ляглі на палях бітваў, якія будавалі новае светлае жыццё. Таксама абавязаны ім і жыхары іншых краін, вызваленых ад фашызму савецкімі салдатамі. Пра гэта - наш музычны аповяд", - падзяліўся Міхаіл Фінберг.
Да гэтай праграмы асаблівае стаўленне і ў журналістаў, якія добра ведаюць гімн ваенных карэспандэнтаў: "Ад Масквы да Брэста няма такога месца, дзе б не пабывалі мы з табой. З лейкай і блакнотам, а то і з кулямётам...".-0-