Праграма перааснашчэння лячэбных устаноў Беларусі павінна быць завершана на працягу найбліжэйшых двух гадоў
6 верасня, Івацэвічы /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. На працягу бліжэйшых двух гадоў праграма перааснашчэння лячэбных устаноў Беларусі павінна быць завершана. Такі загад паставіў кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка сёння падчас наведвання Івацэвіцкай цэнтральнай раённай бальніцы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Я прыехаў не для таго, каб бальніцу глядзець, а каб азнаёміцца з выкананнем даручэння па яе мадэрнізацыі, а таксама мадэрнізацыі ўсёй сістэмы, пачынаючы ад ФАП, урачэбнай амбулаторыі, участковай, раённай і абласной бальніцы і заканчваючы цэнтрамі. Цяпер на прыкладзе Івацэвічаў мы будзем разглядаць сітуацыю з раённымі бальніцамі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Яшчэ некалькі гадоў таму сітуацыя з лячэбнымі ўстановамі выклікала шмат нараканняў, таму было прынята рашэнне аптымізаваць структуру аховы здароўя і рэканструяваць лячэбныя ўстановы.
Прэзідэнт адзначыў, што ў краіне створана дастаткова бальніц, цяпер трэба толькі эфектыўна выкарыстоўваць устаноўленае абсталяванне і аказваць якасныя медыцынскія паслугі. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што "трэба ісці на аптымізацыю аховы здароўя і прыбіраць лішнія звёны". Ён падкрэсліў, што новыя бальніцы будавацца не будуць, іх у краіне дастаткова.
Як праінфармаваў Прэзідэнта міністр аховы здароўя Васіль Жарко, у цяперашні час 106 раённых бальніц у краіне прыведзены ў парадак.-0-