Праграма падтрымкі юных навукоўцаў і спартсменаў "Таленавiта" стартуе ў Віцебскай вобласці

Праграма па падтрымцы юных талентаў у навуцы і спорце "Таленавiта" стартуе ў Віцебскай вобласці 18 лістапада, паведамілі арганізатары.

Падчас стартавых мерапрыемстваў праекта больш за чатыры сотні старшакласнікаў вобласці змогуць сустрэцца і пагутарыць з выдатнымі дзеячамі навукі і спорту, а пераможцы міжнародных прадметных алімпіяд і трыумфатары міжнародных юнацкіх спартыўных турніраў атрымаюць прэміі. Для ўдзелу ў першым пасяджэнні экспертнага савета праграмы ў Віцебску збяруцца вядомыя спартсмены і прадстаўнікі навукі. У ліку знакамітасцей Вадзім Дзевятоўскі, Уладзіслаў Ганчароў, Вадзім Стральцоў, Арвідас Сабаніс.

Навуковая сфера ў экспертным савеце будзе прадстаўлена рэктарамі і вучонымі ВНУ. Сярод спецыяльных гасцей, якія прыедуць падтрымаць праграму "Таленавiта", старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Беларусі Аляксандр Шумілін і намеснік міністра спорту і турызму Міхаіл Партаеў. Члены экспертнага савета правядуць сустрэчу з кіраўніцтвам Віцебскага аблвыканкама, наведаюць агульнаадукацыйныя навучальныя ўстановы і спартыўныя школы.

Запланавана сустрэча членаў экспертнага савета з прызёрамі абласных і рэспубліканскіх алімпіяд (вучнямі 8-11 класаў), навучэнцамі, якія дамагліся добрых вынікаў у спорце, лепшымі студэнтамі, настаўнікамі і выкладчыкамі.

Ініцыятар праграмы - навукова-тэхнічны савет медыка-фармацэўтычнага кластара "Саюз медыцынскіх, фармацэўтычных і навукова-адукацыйных арганізацый "Медыцына і фармацэўтыка - інавацыйныя праекты" пры падтрымцы Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Беларусі і Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта.

БЕЛТА.