Праграма падтрымкі асабістых падсобных гаспадарак вяскоўцаў на 2010 год будзе распрацавана ў Віцебскай вобласці
28 студзеня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Праграма падтрымкі асабістых падсобных гаспадарак вяскоўцаў на 2010 год будзе распрацавана ў Віцебскай вобласці. Такую прапанову старшыні абласнога Савета дэпутатаў Аляксандра Ацясава падтрымаў сёння Віцебскі аблвыканкам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Неабходнасць гэтага абумоўлена ўстойлівай тэндэнцыяй да зніжэння пагалоўя жывёлы, вытворчасці сельгаспрадукцыі на прыватных падворках.
Як адзначыў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец, нельга апраўдваць усё дэмаграфічнай сітуацыяй на вёсцы, ёсць недахопы і ў арганізацыйнай рабоце. Напрыклад, новыя дамы на вёсцы часта здаюцца без сутарэнняў, без свіранкаў для ўтрымання жывёлы. "Чалавек не адчувае сябе гаспадаром: дом яму не належыць, зямлі ў яго няма, вясковыя дзеці не ведаюць асноў сялянскай працы", - эмацыйна дадаў губернатар. "У сялян неабходна выхоўваць пачуццё ўласніка, - упэўнены Аляксандр Косінец. - Зразумела, ніхто нікога не будзе прымушаць трымаць хатнюю гаспадарку, але калі чалавек жадае - яму трэба дапамагчы".
Аляксандр Ацясаў нагадаў, што мясцовымі Саветамі нямала робіцца для стымулявання асабістых падсобных гаспадарак. Нягледзячы на тое, што за 10 апошніх гадоў пагалоўе кароў на прыватных падворках скарацілася са 105 тыс. да 35 тыс. галоў, закупкі малака дзякуючы рабоце сельсаветаў, прыватных прадпрымальнікаў узраслі ўтрая. На думку Аляксандра Ацясава, у праграме неабходна прадугледзець забеспячэнне жадаючых маладняком жывёлы, арганізацыю закупак звышзапасаў сельгаспрадукцыі, забеспячэнне кармамі і насеннем, дапамогу ва ўборцы.
Паводле даных аблсельсгасхарчпрада, тэмп росту вытворчасці сельгаспрадукцыі ў асабістых гаспадарках у 2009 годзе не дасягнуў узроўню 2008 года.-0-