Праграма развіцця Расонскага раёна прынята Віцебскім аблвыканкамам

24 чэрвеня, Расоны /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Павелічэнне колькасці насельніцтва Расонскага раёна з'яўляецца асноўнай мэтай праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна. Гэту задачу вызначыў сёння на выязным пасяджэнні Віцебскага аблвыканкама яго старшыня Аляксандр Косінец, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Колькасць насельніцтва Расонскага раёна на працягу апошніх гадоў мае ўстойлівую тэндэнцыю да змяншэння. Паводле даных апошняга перапісу ў раёне, які па плошчы займае восьмае месца сярод 21 раёна вобласці, пражываюць крыху больш за 11 тыс. чалавек, пры гэтым 47% з іх - у пасёлку Расоны. Колькасць працаздольнага насельніцтва складае каля 6 тыс. чалавек. Раён адчувае вострую нястачу як спецыялістаў, так і рабочых масавых прафесій. На думку Аляксандра Косінца, да 2015 года колькасць насельніцтва раёна можа скласці каля 20 тыс. чалавек. Аднак для гэтага неабходна стварыць сацыяльна-эканамічныя ўмовы для людзей: забяспечыць іх працай, годным узроўнем заработнай платы, стварыць сацыяльную інфраструктуру, падкрэсліў ён. У сувязі з гэтым у Расонскім раёне распрацавана праграма развіцця на перыяд да 2015 года, якая была вынесена на разгляд аблвыканкама. Асноўныя напрамкі праграмы датычацца развіцця прамысловасці, сельскай гаспадаркі. У прыватнасці, у прамысловасці робіцца стаўка на падтрымку малога бізнесу. Райвыканкам зацікаўлены і гатовы аказаць падтрымку аднаму з прыватных прадпрыемстваў, якія спецыялізуюцца на нарыхтоўцы і замарозцы дзікарослых ягад і грыбоў, у стварэнні кансервава-перапрацоўчага завода. Працягнецца праца па стварэнні прадпрыемстваў дрэваапрацоўкі. У сельскай гаспадарцы запланавана будаўніцтва па адной малочна-таварнай ферме ў кожным з шасці сельгаспрадпрыемстваў. Развіццё аграэкатурызму таксама застаецца прыярытэтам у эканоміцы раёна. Рэалізацыя праграмы дазволіць забяспечыць раёну рост аб'ёмаў вытворчасці прамысловай прадукцыі ў 1,2 раза ў параўнанні з 2009 годам, павялічыць экспарт прадукцыі ў 1,7 раза.-0-