Праграма развіцця Віцебскага футравага камбіната будзе распрацавана да канца паўгоддзя
6 красавіка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Праграма перспектыўнага развіцця РУП "Віцебскі футравы камбінат", якое выйшла з працэдуры санацыі, будзе распрацавана на прадпрыемстве да канца першага паўгоддзя пры падтрымцы мясцовых органаў улады. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец падчас наведвання камбіната, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Для забеспячэння эфектыўнай работы прадпрыемству неабходна павысіць прадукцыйнасць перапрацоўкі сыравіны як мінімум у два разы да 200 тыс. шкурак у год. У сувязі з гэтым комплексная праграма развіцця павінна прадугледжваць тэхнічнае пераўзбраенне і мадэрнізацыю вытворчасці, вырашэнне пытанняў сыравіннага забеспячэння, арганізацыі эфектыўнай збытавай палітыкі, меры па ўцягванні ў абарот пустуючых памяшканняў і аб'ектаў нерухомасці, размешчаных на тэрыторыі камбіната. Акрамя таго, патрабуецца актывізаваць работу па разгрузцы складскіх запасаў, на якіх назапасілася гатовай прадукцыі на суму каля Br3,5 млрд. Для вырашэння гэтай праблемы Аляксандр Косінец лічыць магчымым прыцягнуць прадпрыемствы і арганізацыі ўсіх форм уласнасці, якія маюць тавараправодзячую сетку ў расійскіх рэгіёнах.
Па папярэдніх разліках спецыялістаў камбіната, на мадэрнізацыю вытворчасці спатрэбіцца як мінімум Br2 млрд. са срокам акупнасці 1,5 года (пры наяўнасці рынкаў збыту). Старшыня аблвыканкама даручыў прапрацаваць магчымасць кааперацыі футравага камбіната і абутковых прадпрыемстваў Віцебска па арганізацыі выпуску скураных вырабаў для абутку.
Пры падтрымцы мясцовых органаў улады прадпрыемства можа вырашаць пытанні стварэння сыравіннай базы непасрэдна ў вобласці. Тэрыторыя камбіната ўваходзіць у склад свабоднай эканамічнай зоны "Віцебск", што можа стаць яшчэ адным эфектыўным інструментам развіцця прадпрыемства. Меры па ўмацаванні кадравага патэнцыялу, стварэнні бяспечных і спрыяльных умоў працы для работнікаў прадпрыемства таксама павінны стаць абавязковай часткай праграмы развіцця камбіната, адзначыў Аляксандр Косінец.
РУП "Віцебскі футравы камбінат" уваходзіць у склад канцэрна "Беллегпрам" і з'яўляецца адзіным прадпрыемствам у краіне, якое выпускае вырабы з футра. Камбінат прызнаны эканамічна неплацежаздольным у маі 2007 года, у дачыненні да яго адкрыта працэдура санацыі. Прадугледжаны заканадаўствам максімальны тэрмін санацыі прадпрыемства-банкрута (30 месяцаў) мінуў у снежні 2009 года.
Па словах намесніка дырэктара камбіната Мікалая Малачко, за час санацыі прадпрыемства выйшла на бязстратнае працаванне. Прадпрыемству ўдалося стабілізаваць паказчыкі плацежаздольнасці і каэфіцыент забяспечанасці фінансавых абавязацельстваў уласнымі актывамі. Акрамя таго, камбінат у асноўным забяспечвае разлікі па бягучых плацяжах. Выпуск і рэалізацыя прадукцыі выраслі ў 2,7 раза. Для гэтага прадпрыемства стварыла сетку фірменных магазінаў ва ўсіх абласных цэнтрах Беларусі, а таксама ў Маскве. Разам з тым, дадаў Мікалай Малачко, крэдыторская запазычанасць прадпрыемства складае каля Br14 млрд., і перабудаваць работу ва ўмовах зняцця абмежаванняў, устаноўленых у сувязі з санацыяй прадпрыемства і накіраваных на абарону даўжніка, камбінат без падтрымкі з боку дзяржавы не зможа.-0-