Праграма «Славянскага базару ў Віцебску» сфарміравана на 90%
Праграма XXVII Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" сфарміравана на 90%. Пра гэта паведаміў на брыфінгу генеральны дырэктар Цэнтра культуры "Віцебск" - дырэктар фестывалю Аляксандр Сідарэнка.
"Агульная праграма фестывалю зведзена на 90%. Яна ўключае велізарную колькасць канцэртаў і праектаў. Па некаторых з іх мы яшчэ працуем, бо складана сабраць такую вялікую колькасць удзельнікаў у адным месцы ў адзін час: у кожнага свае планы, гастрольныя графікі, адпачынкі. Тым не менш нам гэта ўдаецца", - канстатаваў Аляксандр Сідарэнка. Па яго словах, склад удзельнікаў некаторых канцэртаў пакуль не агучваецца: у цяперашні час фарміруецца праграма канцэртаў адкрыцця і закрыцця, Дня Саюзнай дзяржавы, "Залаты хіт". "Мы стараемся, каб кожная песня ў іх была хітом, кожнае імя - вядомым. Але пры гэтым уключаем і пэўны працэнт маладых перспектыўных выканаўцаў", - адзначыў дырэктар фестывалю. У паспяховасці продажу білетаў на такія пакуль "безыменныя" канцэрты ён не сумняваецца: летась, напрыклад, на канцэрт "Залаты хіт" білеты былі раскуплены і забраніраваны на працягу дня. Ужо цяпер, нягледзячы на тое, што рэалізацыя білетаў стартуе толькі з 23 лютага, паступаюць заяўкі на браніраванне білетаў на шэраг канцэртаў.
XXVII Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" адбудзецца з 12 па 16 ліпеня. Па папярэдняй інфармацыі, дадатковыя мерапрыемствы ў яго рамках пройдуць з 9 па 18 ліпеня. Так, на дадзены момант першым канцэртам у Летнім амфітэатры значыцца выступленне Мікалая Баскава 10 ліпеня, апошнім - гурта "Мумій Троль" 18 ліпеня. Праграма фестывалю ўключае канцэртныя і забаўляльныя праграмы для моладзі, любімыя многімі "Тэатральныя сустрэчы" і "Кінапраграму".
На вуліцах і плошчах Віцебска зноў разгорнецца фэст вулічнага мастацтва "На сямі вятрах" з інтэрактыўнымі праектамі вулічных тэатраў, музыкаў, перформераў, лялечных тэатраў і артыстаў. Свой пяцігадовы юбілей адзначыць праект "Лялечны квартал", у рамках якога спектаклі для дзяцей і дарослых прапануюць лялечныя тэатры з Беларусі,
Расіі, Украіны. У пацвярджэнне статусу фестывалю мастацтваў запланаваны цыркавыя праекты - шоу братоў Запашных "UFO. Цырк з іншай планеты" і цырк-шапіто Мікалая Чальнокава "Клоўнарыум". Таксама плануецца правесці IV Міжнародную канферэнцыю "Фестывальны рух. Традыцыі і інавацыі" з удзелам арганізатараў фестываляў з розных краін і пасяджэнне Савета дырэктараў Сусветнай асацыяцыі фестываляў (САФ). Па прапанове Савета дырэктараў САФ лепшы творчы нумар гала-канцэрта International Voice in Vitebsk з удзелам пераможцаў міжнародных фестываляў і конкурсаў, якія з'яўляюцца членамі САФ, будзе ўключаны ў праграму канцэрта ўрачыстага закрыцця фестывалю. Поўная праграма фестывалю будзе агучана пазней.БЕЛТА.