Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця Віцебскай вобласці накіравана на збор і перапрацоўку другаснай сыравіны
Камунальныя службы рэгіёну на працягу некалькіх гадоў не выконваюць планы па нарыхтоўцы макулатуры (у тым ліку кардону) і шкла, а з мінулага года – і па палімерных адходах. Адставанне па трох пазіцыях даведзеных паказчыкаў складае ад 21 да 29%. Такія дадзеныя далі ў аблвыканкаме прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
Ніколькі не змянілася сітуацыя і за мінулае паўгоддзе. Так, шклабой сабрана 9,9 тыс. т пры гадавым заданні 28,7 тыс. т (34%), макулатуры – 18 тыс. з 45 тыс. па плане (41%), палімерных вырабаў – 4,3 тыс. т замест неабходных 12 тыс. т (36%).
Здавалася б, палімерныя адходы сабраць не праблема. Дзе іх толькі не сустрэнеш! Аднак па-ранейшаму ні 12 сартавальных ліній у вобласці, ні 188 прыёмных пунктаў, падведамственых ЖКГ, «Віцебскаблрэсурсам», аблспажыўсаюзу, адказным за выкананне заданняў, не загружаны належным чынам. Пластыкам запоўнены не кантэйнеры для раздзельнага збору смецця, а многія яры і месцы адпачынку.
Колькі заўгодна можна ківаць на несвядомых грамадзян, але калі не паставіць дастатковую колькасць урн, то сітуацыя не зменіцца.
ГУ «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў» гатовы выдзяляць грошы на набыццё кантэйнераў, тэхнікі і іншага абсталявання, але асобныя камгаспы не могуць нават падрыхтаваць неабходныя для гэтага дакументы.
Працягваецца вываз другаснай сыравіны на звалкі, што катэгарычна забаронена. Толькі за паўгоддзе, як паведаміў начальнік аддзела аблвыканкама прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Валерый Юдзенкаў, эколагі выявілі па вобласці 380 такіх фактаў. Складзена 113 пратаколаў, штраф дасягнуў амаль 30 тыс. руб.
І камунальнікі, і эколагі з нецярпеннем чакаюць уводу ў эксплуатацыю ў красавіку наступнага года смеццесартавальнага завода на палігоне ТКО у Віцебску. Як гэта павялічыць нарыхтоўку другасных матэрыяльных рэсурсаў? Самым непасрэдным чынам: больш за 50% другаснай сыравіны з ТКО здабываецца ў абласным цэнтры і Віцебскім раёне, які таксама складзіруе адходы на гарадскім звалішчы.
"Віцебскія весці". Фота з адкрытых крыніц.