Праграма XIX Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» сфарміравана
21 красавіка, Віцебск /Вольга Багачова - Віцебск/. Праграма XIX Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" сфарміравана. Пра гэта паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі генеральны дырэктар цэнтра культуры "Віцебск" Радзівон Бас, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Па словах гендырэктара, цалкам сфарміраваны канцэрты адкрыцця і закрыцця фестывалю, Дзён Беларусі і Расіі, сольныя выступленні з удзелам самых папулярных зорак расійскай эстрады, якія сёння запатрабаваны і збіраюць поўныя залы, вызначаны члены і старшыні журы конкурсаў. "Такім чынам, праграма цалкам гатова, засталося вырашыць нюансы", - падкрэсліў ён.
Імёны зорных удзельнікаў будуць агучаны пасля зацвярджэння праграмы фестывалю, якое адбудзецца 23 красавіка ў Мінску на пасяджэнні аргкамітэта пад старшынствам намесніка прэм'ер-міністра Уладзіміра Патупчыка, дадаў Радзівон Бас.
XIX Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" пройдзе з 9 па 15 ліпеня. Яго праграма будзе ўключаць мерапрыемствы на пляцоўцы Летняга амфітэатра: канцэрты адкрыцця і закрыцця, Дні Беларусі, Расіі, Украіны, г. Мінска, канцэрт майстроў мастацтваў Саюзнай дзяржавы, міжнародны конкурс выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2010", сольныя канцэрты зорак эстрады. Новымі элементамі канцэртнай праграмы фестывалю стануць тры канцэрты для моладзі на дадатковай канцэртнай пляцоўцы на плошчы Перамогі.-0-