Праграміст з Росанаў прыдумаў брэнд свайго раёна
19 сакавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Праграміст з Расона стаў аўтарам брэнда свайго раёна, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік старшыні Расонскага райвыканкама Аляксандр Капшуль.
Конкурс на стварэнне гандлёвай маркі "Наша расонскае" праходзіў у сакавіку. За гэты час у адрас арганізатара, Расонскага райвыканкама, паступіла 25 распрацовак ад 8 чалавек. З усіх прапанаваных варыянтаў членам журы больш за ўсё спадабалася праца праграміста раённага вузла паштовай сувязі Пятра Чымкоўскага. У цэнтры лагатыпа ў стылізаваным пейзажы выяўлены контур былой сядзібы пана Гласко, асветлены ўзыходзячым сонцам. Унізе размешчаны надпіс "Наша расонскае". Лагатып выкананы ў зялёна-блакітных танах, якія сімвалізуюць багацце лясоў і азёр, размешчаных у раёне.
У цяперашні час аўтар сумесна з членамі журы і дызайнерамі дапрацоўвае каляровае рашэнне будучага сімвала ўсяго Расонскага раёна. Адразу пасля гэтага таварны знак пройдзе рэгістрацыю і пачне працаваць на карысць свайго рэгіёна: сімвал упрыгожыць упакоўку прамысловых тавараў, прадуктаў харчавання, сувенірныя вырабы, стане брэндавым знакам аграэкатурыстычных паслуг Расоншчыны. Адзіны брэнд дазволіць паспяховей прасоўваць турыстычныя паслугі і прадукцыю рэгіёна як на ўнутраным, так і на замежных рынках, павысіць іх запатрабаванасць, а таксама будзе спрыяць фарміраванню станоўчага іміджу раёна, упэўнены Аляксандр Капшуль.
Ідэя стварэння адзінага знака рэгіёна знайшла ўвасабленне і ў Браслаўскім раёне. Аднак у адрозненне ад Расоншчыны тут у цяперашні час аб'яўлены адкрыты конкурс "Браслаўскі сувенір". Да 15 красавіка ўсе жадаючыя могуць стварыць свой арыгінальны сувенір і прадставіць яго на суд журы. Адзіная ўмова арганізатараў: праца павінна быць звязана з Браславам, утрымліваць атрыбутыку горада ці раёна. Пераможцы гэтага конкурсу будуць аб'яўлены ў маі на міжнародным свяце традыцыйнай культуры "Браслаўскія зарніцы". -0-