Праграму патрыятычнага выхавання абмеркавалі ў Наваполацку

Абмеркаваны пытанні рэалізацыі Праграмы патрыятычнага выхавання насельніцтва Рэспублікі Беларусь на 2022 – 2025 гады на выязным пасяджэнні прэзідыума Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў у Наваполацку.

– Работа па патрыятычным выхаванні не мае межаў, – адзначыў старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнтаў. – Патрыятызм – аснова грамадства. Сёння трэба аднаўляць гістарычную праўду, не замоўчваць значныя факты, што асабліва важна ў Год гістарычнай памяці.

Патрыёт – той, хто сумленна і добрасумленна працуе на сваім працоўным месцы, няхай гэта будзе просты працаўнік завода, кіраўнік прадпрыемства ці дэпутат, якога выбраў народ. Такое меркаванне выказаў старшыня Наваполацкага гарадскога Савета дэпутатаў Алег Буевіч.

– Вельмі складана выхаваць пачуццё патрыятызму ў дарослых людзей, калі ўжо сфарміраваны погляды на жыццё, таму працу з маладым пакаленнем мы стараемся пачынаць як мага раней, – дапоўніў Алег Генадзевіч.

Удзельнікі выязнога пасяджэння, сярод якіх былі старшыні гарадскіх і раённых Саветаў дэпутатаў, усклалі кветкі да помніка падпольшчыцы Лідзіі Кастэцкай. Для гасцей прэзентавалі перасоўную выставу «Героі Вялікай Айчыннай вайны – ураджэнцы Віцебшчыны», прысвечаную землякам, якія змагаліся за Радзіму, – вынік карпатлівай даследчай дзейнасці навучэнцаў і студэнтаў устаноў адукацыі Наваполацка. Памяць загінулых герояў, якія аддалі жыццё за шчасце на зямлі, ушанавалі хвілінай маўчання.

Навыкі ваеннай падрыхтоўкі прадэманстравалі юныя выхаванцы ваенна-патрыятычнага клуба «Сокал».

Госці пазнаёміліся з досведам работы Наваполацка па патрыятычным выхаванні, якая шырока вядзецца ва ўстановах адукацыі, працоўных калектывах, з мерапрыемствамі, якія праводзяцца ў горадзе для дзяцей і моладзі. У Лядовым палацы ХК «Хімік» дэлегацыям прадставілі прэзентацыі самых значных грамадскіх ініцыятыў. Тут можна было пераканацца, што ў горадзе нафтавікоў патрыятычнае выхаванне сапраўды пачынаюць з дзіцячага садка: дашкольнікі ў гімнасцёрках і пілотках прадэкламавалі вершы на ваенна-патрыятычную тэму.

– Выхаванне чалавека як асобы, як грамадзяніна пачынаецца з дзіцячых гадоў. І галоўнай умовай выступае фарміраванне ў дзяцей патрыятычнай свядомасці, пачуцця вернасці сваёй Радзіме, гатоўнасці да выканання задач па забеспячэнні абароны Айчыны і авалоданні неабходнымі для жыцця ведамі і кампетэнцыямі, – пракаментаваў начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мікалай Раманоўскі.

Традыцыйна ў Наваполацку праводзіцца фестываль «Планета дзяцінства», у якім дэманструюць свае таленты выхаванцы дашкольных устаноў. Актыўна дзейнічае ў нафтаградзе Парламент дзяцей і навучэнскай моладзі. У горадзе развіты студэнцкі рух, студэнты ПДУ актыўна працуюць на важных аб'ектах рэспубліканскага значэння. Наваполацкая гарадская арганізацыя РГА «Белая Русь» штогод ініцыюе правядзенне конкурсу строю і песні «Пераможныя маршы». Развіваецца праект актыўнага даўгалецця «Інстытут залатога ўзросту». Адным з новаўвядзенняў з'яўляецца міжнародны культурна-гуманітарны праект «Кіноўрокі ў школах свету», які рэалізуецца сумесна з Расійскай Федэрацыяй. Па канцэпцыі кінаўрокаў прадугледжана дэманстрацыя фільмаў, кожны з якіх прысвечаны нейкай маральнай якасці.

Вялікі рэзананс атрымаў новы грамадскі праект гімназіі №1 Наваполацка «Майстэрня «Бацькі і дзеці», сутнасць якога ў тым, каб навучыць юнакоў выконваць мужчынскую працу (забіць цвік, паправіць крэсла, кран, зрабіць лаўку і г.д.). Ідэя належыць шматдзетнаму бацьку Аляксандру Лукашку.

Дапамогу ў выхаванні патрыётаў аказваюць грамадскія аб'яднанні БРПА і БРСМ. Хлопцы ініцыююць і ўвасабляюць у жыццё шматлікія сацыяльныя праекты, удзельнічаюць у абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах, акцыях – «Сустрэча марафонца», «Песні перамогі», «Заспяваем гімн разам», «Памяць сэрца», «Ганаруся роднымі сімваламі» і інш.

Наглядным прыкладам сапраўднага патрыятызму і любові да Айчыны з'яўляецца дзейнасць Наваполацкага гарадскога аб'яднання ветэранаў, у склад якога ўваходзяць 43 пярвіныя арганізацыі ў складзе 11500 чалавек. Членаў ветэранскай арганізацыі аб'ядноўваюць актыўная грамадзянская пазіцыя, жыццёвы досвед і мудрасць, падкрэсліў Мікалай Раманоўскі. Ён таксама паведаміў, што днямі рашэннем гарвыканкама зарэгістравана Наваполацкая гарадская арганізацыя РГА «Патрыёты Беларусі» – самая маладая з грамадскіх арганізацый краіны.

Удзельнікі пасяджэння пабывалі на буйным прамысловым аб'екце – заводзе «Палімір» ААТ «Нафтан», дзе пазнаёміліся з праведзенай у працоўным калектыве працай па грамадзянска-патрыятычным выхаванні. На прадпрыемстве да дат 9 мая, 22 чэрвеня прымяркоўваюць выязныя карпаратыўныя мерапрыемствы, патрыятычныя аўтапрабегі па мясцінах баявой славы Віцебшчыны. Сярод структурных падраздзяленняў праводзіцца конкурс арт-дызайнерскіх кампазіцый. Сёлета вырабленую з металу фігуру «Звон» перадалі ў Дзісну Мёрскага раёна, дзе яна была ўстаноўлена на месцы расстрэлу і пахавання яўрэяў.

Па ініцыятыве работнікаў «Паліміра» рэалізуецца праект «Чыстыя гульні», мэта якога – ініцыяваць наваполачан да збору смецця на адведзеных тэрыторыях і ачысціць гарадскую прастору. Па ўмовах «гульняў» смецце абменьваюць на балы, а іх у сваю чаргу – на прызы. За апошнія два гады было праведзена тры такія гульні, да заводчан далучыліся наваполачане, больш за 450 удзельнікаў праекта сабралі больш за 4,5 тоны смецця, большую частку якога адправілі на другасную перапрацоўку. Няабыякавае, беражлівае стаўленне да роднай зямлі – таксама праява патрыятызму.

"Віцебскія весці"