Праграму развіцця прамысловасці Віцебскай вобласці да 2015 года неабходна перагледзець - А.Косінец

22 красавіка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Праграму развіцця прамысловага комплексу Віцебскай вобласці да 2015 года неабходна перагледзець і скараціць тэрміны яе рэалізацыі. Аб гэтым заявіў старшыня аблвыканкама Аляксандр Косінец сёння на пасяджэнні аблвыканкама, прысвечаным вынікам работы народна-гаспадарчага комплексу вобласці ў першым квартале, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Калі на працягу двух-трох гадоў (замест пяці) мы правядзем мадэрнізацыю прадпрыемстваў, то гэта дасць нам магчымасць атрымаць канкурэнтаздольны прадукт, інакш мы спазнімся", - падкрэсліў кіраўнік вобласці. У бліжэйшы час неабходна перагледзець усе бізнес-планы прадпрыемстваў, уключаных у праграму, і забяспечыць іх рэалізацыю ў максімальна кароткія тэрміны. Гэта дазволіць, у тым ліку, знізіць удзельную вагу нафтахімічнай галіны ў агульным аб'ёме прамысловай прадукцыі. Па словах Аляксандра Косінца, эканамічныя рэаліі, з якімі сутыкнулася Віцебская вобласць у першым квартале, патрабуюць актывізацыі развіцця машынабудавання, аўтамабілебудавання, станкабудавання, дрэваапрацоўчай і лёгкай прамысловасці, шэрагу іншых галін. Станоўчым прыкладам, лічыць кіраўнік вобласці, з'яўляецца мяса-малочная галіна, у развіццё якой толькі ў 2009 годзе было інвеставана каля Br140 млрд., такую ж суму прадугледжана накіраваць і сёлета. "У выніку мы будзем мець фактычна новую галіну перапрацоўкі, што дазволіць ёй быць канкурэнтаздольнай, у тым ліку на знешніх рынках", - адзначыў ён. Разам з тым у цэлым па прамысловых прадпрыемствах знос асноўных фондаў складае сёння больш за 70%, а ў станкабудаванні перавышае 90%, канстатаваў Аляксандр Косінец. Па выніках першага квартала тэмп росту аб'ёмаў вытворчасці прамысловай прадукцыі ў Віцебскай вобласці склаў 85,2% да такога ж перыяду мінулага года, спажывецкіх тавараў - 109,7%, пры гэтым па харчовай групе - 112,9%, па нехарчовай - 106,1%.-0-