Прагулачныя цеплаходы ў Віцебску пачнуць курсіраваць у канцы красавіка

У рачным порце абласнога цэнтра пачалася падрыхтоўка да сезону прагулачных цеплаходаў "Віцебск" і "Паўночная сталіца".

Як распавёў начальнік участка прадпрыемства "Гардармост" Алег Пашкевіч, цяпер вядзецца тэхнічнае абслугоўванне рухавікоў і афарбоўка суднаў. Праз тыдзень плануецца спусціць іх са стапеляў на ваду.

На турыстычны маршрут плошча Перамогі – парк імя Савецкай Арміі (Мазурына) цеплаходы, як мяркуецца, выйдуць 20-25 красавіка.

Нагадаем, абодва судна былі пабудаваны ў Пінску. "Віцебск" (55 пасадачных месцаў) пачаў курсіраваць па Дзвіне восенню 2010-га, "Паўночная сталіца" (80 месцаў) – годам пазней. Да паслуг турыстаў – бар, цікавая экскурсійная праграма. Нярэдка цеплаходы арандуюцца для правядзення сямейных урачыстасцей і карпаратыўнага адпачынку.

Сяргей Ляшук, "Віцебскія весці"