Вытворчасць медыцынскай мэблі плануецца стварыць у СЭЗ "Віцебск" з удзелам італьянскіх інвестараў

6 мая, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Вытворчасць медыцынскай мэблі і салонаў аўтамабіляў хуткай медыцынскай дапамогі плануецца стварыць у СЭЗ "Віцебск" з удзелам італьянскіх інвестараў. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам адзін з удзельнікаў інвестпраекта дырэктар СТАА "Грандзіскар" Юрый Любімаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Беларуска-расійскае прадпрыемства "Грандзіскар" стварае ў віцебскай СЭЗ вытворчасць спецаўтатэхнікі на базе шасі шэрагу заходніх аўтамабільных брэндаў. У ліку выпускаемых аўтамабіляў будуць аўтамабілі хуткай медыцынскай дапамогі. Салоны для іх прадугледжваецца выпускаць на асобным, новым прадпрыемстве, цікавасць да стварэння якога праявілі італьянскія інвестары. "Рэалізацыя гэтага праекта дазволіць "Грандзіскару" выйсці на еўрапейскую якасць салона "хуткай дапамогі" як па эрганоміцы, так і па эстэтычным афармленні, а прымяненне сучасных матэрыялаў дасць магчымасць знізіць сабекошт беларускіх машын хуткай дапамогі і адпаведна павысіць іх канкурэнтаздольнасць", - упэўнены Юрый Любімаў. Саўладальнікамі новага прадпрыемства выступяць расійскія і беларускія інвестары. Арыенціровачны кошт праекта папярэдне ацэньваецца ў 4 млн. еўра. Прадугледжваецца, што італьянскі заснавальнік паставіць спецыялізаванае абсталяванне на суму каля 2 млн. еўра, а таксама свае распрацоўкі. Акрамя вытворчасці салонаў для аўтамабіляў хуткай меддапамогі, сумеснае прадпрыемства будзе выпускаць медыцынскую мэблю для стацыянарных медустаноў. Супрацоўніцтва з італьянскімі інвестарамі дапаможа прасоўванню беларускіх машын хуткай дапамогі на еўрапейскі рынак. "Такая кааперацыя дасць магчымасць выпускаць машыну ў поўнай адпаведнасці з еўрапейскімі патрабаваннямі якасці, але прыкладна на 30% танней еўрапейскіх аналагаў, што спрыяльна адаб'ецца на канкурэнтаздольнасці беларускага аўтамабіля", - адзначыў Юрый Любімаў. Беларуска-расійскае СТАА "Грандзіскар" стварае ў СЭЗ "Віцебск" вытворчасць аўтатранспарту спецыяльнага прызначэння гадавой магутнасцю да 5 тыс. машын коштам каля $15 млн. На першым этапе інвестары арганізавалі вытворчасць спецтэхнікі на арандаваных плошчах, затым будзе пабудаваны ўласны завод агульнай плошчай каля 5 тыс. кв.м. У вытворчым партфелі "Грандзіскара" - выпуск аўтамабіляў хуткай меддапамогі, спецаўтатэхнікі для сілавых структур, мікрааўтобусаў і шэраг іншых камплектацый на базе шасі "Фальксваген", "Форд", а ў перспектыве - "Івека" і беларускіх аўтамабільных брэндаў. У 2011 годзе "Грандзіскар" выпусціць каля 300 аўтамабіляў у асноўным для беларускіх заказчыкаў. Прадпрыемства мае намер выйсці таксама на расійскі і рынкі краін СНД.-0-