Вытворчасьць пелет будзе арганізавана ў 2009 годзе ў трох лясгасах Віцебскай вобласці
24 красавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Вытворчасць пелет будзе арганізавана сёлета ў Суражскім, Бегамльскім і Талачынскім лясгасах Віцебскай вобласці, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскім абласным вытворчым лесагаспадарчым аб'яднанні (АВЛГА).
Рашэнне аб стварэнні новых вытворчасцей на базе гэтых лясгасаў прынята па некалькіх прычынах. Так, кожны з іх мае неабходную сыравінную базу. У Бегамльскім лясгасе праведзена шырокая мадэрнізацыя дрэваапрацоўчага цэха. Выпуск пелет дазволіць вырашыць пытанне з выкарыстаннем апілак, а для Талачынскага лясгаса гэтая прадукцыя стане альтэрнатывай дровам, якія рэалізуюцца слаба.
У цяперашні час вядзецца распрацоўка праектаў па арганізацыі новай вытворчасці, удакладняюцца тэхнічныя характарыстыкі неабходнага абсталявання, узгадняюцца графікі яго ўводу, пралічваецца неабходны аб'ём інвестыцый. Сродкі на рэалізацыю праектаў будуць накіраваны з інавацыйнага фонду Мінлясгаса і Віцебскага аблвыканкама.
Пелеты (прэсаваныя з апілак гранулы дыяметрам 8-10 мм) карыстаюцца шырокай папулярнасцю ў якасці паліва ў Германіі, Францыі, Галандыі і іншых краінах Еўропы. Таму прадукцыя лясгасаў Віцебскай вобласці будзе мець экспартаарыентаваны характар. У залежнасці ад якасці прадаваць яе плануюць па 80-90 еўра за тону. У запатрабаванасці гэтага прадукту за мяжой у АВЛГА не сумняваюцца: пра гэта сведчыць паспяховы вопыт работы ў гэтым напрамку Пастаўскага мэблевага цэнтра. Сёння гэта адзінае прадпрыемства ў вобласці, якое займаецца вытворчасцю і экспартам пелет.
У аб'яднанні адзначылі, што ў 2008 годзе ў рэгіёне была спроба арганізаваць сумесную вытворчасць з літоўскай фірмай па выпуску пелет на базе Пастаўскага лясгаса, дзе ёсць уся неабходная вытворчая база. Аднак у сувязі з фінансавым крызісам літоўскае прадпрыемства адмовілася ад удзелу ў праекце. Пры наяўнасці інвестара, гатовага ўкласці 400 тыс. еўра, Віцебскае АВЛГА гатова ў любы момант вярнуцца да рэалізацыі праекта.-0-