Вытворчасьць пірсаў з палімераў асвоілі ў Віцебскай вобласьці

11 лютага, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Адкрытае акцыянернае таварыства "Інвет" (Бігосава, Верхнядзвінскі раён Віцебскай вобласці) асвоіла вытворчасць пірсаў з палімераў, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА генеральны дырэктар таварыства Сяргей Грамадко. Новы від прадукцыі выпускаецца па тэхналогіі ротацыйнага фармавання, што дазваляе ствараць трывалыя блокі памерам 1х2 м, якія могуць злучацца паміж сабой і ствараць канструкцыі розных памераў. Выкарыстоўваць палімерныя пірсы можна пры добраўпарадкаванні берагоў азёр і рэк, пры стварэнні інфраструктуры воднага адпачынку. Як адзначыў Сяргей Грамадко, на працягу апошніх двух гадоў прадпрыемства значна абнавіла абсталяванне. Напрыклад, каля Br5 млрд. было накіравана на набыццё замежных ліній ротацыйнага ліцця вырабаў з палімераў. Цяпер каля 60% прадукцыі "Інвет" выпускаецца па сучасных тэхналогіях, у тым ліку боксы для індывідуальнага ўтрымання цялят. Гэты від вырабаў у 2009 годзе стаў лаўрэатам конкурсу ў галіне якасці "Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь" у намінацыі "Прадукцыя прамыслова-тэхнічнага прызначэння". У 2010 годзе прадпрыемства мае намер усталяваць пяць новых аўтаматаў для ліцця з пластмас. Гэта дазволіць не толькі павялічыць аб'ём вытворчасці, зменшыць затраты, але і асвоіць новыя віды прадукцыі - формы для іх адліўкі ўжо знаходзяцца ў распрацоўцы. ААТ "Інвет" вырабляе сродкі тэхнічнай арганізацыі дарожнага руху: блокі дарожныя раздзяляльныя, вехі накіравальныя ў камплекце з прамавугольнай падстаўкай, конусы дарожныя сігнальныя; вырабы для вертыкальнага азелянення вуліц, камплектуючыя для машынабудавання, тавары народнага спажывання - усяго каля 200 найменняў вырабаў. На прадпрыемстве ўкаранёна і дзейнічае сістэма менеджменту якасці СТБ ІСА 9001. Тэмп росту аб'ёму вытворчасці ў студзені бягучага года ў супастаўных цэнах да аналагічнага перыяду мінулага года склаў 120%. Рэнтабельнасць вытворчасці ў 2009 годзе складала 11%.-0-