Вытворчасць па выпуску сыроў адкрылася ў Браславе
Вытворчасць па выпуску сыроў адкрылася ў Браславе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Буйны інвестыцыйны праект рэалізаваны на Браслаўскім філіяле Глыбоцкага малочна-кансервавага камбіната за тры гады. Агульны аб'ём сродкаў, накіраваных на гэтыя мэты, склаў больш Br230 млрд. На пляцоўцы старога завода фактычна з нуля пабудавана сучасная аўтаматызаваная вытворчасць і дапаможныя аб'екты: асноўны вытворчы корпус з кампрэсарным цэхам, прыёмнае, мыйнае аддзяленні, кацельня, помпавая станцыя. Праектныя магутнасці ўсталяванай на прадпрыемстве іспанскай лініі складаюць 10 т цвёрдых сыроў у суткі, польскай лініі - да 2 т мяккіх сыроў у суткі. Таксама на прадпрыемстве плануецца наладзіць выпуск імпартазамяшчальнай прадукцыі - сметанкова-тварожнай масы.
Аб'ём перапрацоўкі малака на філіяле складзе 120 т у суткі. Глыбіня перапрацоўкі сыравіны дзякуючы новай тэхналогіі дасягне амаль 100%.
Ва ўрачыстым адкрыцці аб'екта прынялі ўдзел старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец, прадстаўнікі мясцовых органаў улады, працоўнага калектыву ААТ "Глыбоцкі малочна-кансервавы камбінат" і яго Браслаўскага філіяла, грамадскасць.
Як падкрэсліў Аляксандр Косінец, увод у эксплуатацыю гэтага прадпрыемства з'яўляецца важнай падзеяй для раённага цэнтра і яго жыхароў. Акупнасць інвестпраекта складзе крыху больш за пяць гадоў. Эфектыўнасць вытворчасці дазволіць атрымліваць Br35 млрд. чыстага прыбытку ў год. Цяпер на прадпрыемстве выпускаюцца тры віды сыроў, у далейшым асартымент плануецца пашырыць да 40 відаў. Каля 80% прадукцыі плануецца пастаўляць на экспарт. Акрамя таго, на прадпрыемстве ўкараняюцца сучасныя сістэмы кантролю якасці і бяспекі прадукцыі.
ААТ "Глыбоцкі малочна-кансервавы камбінат" спецыялізуецца на вытворчасці малочных кансерваў, суцэльнамалочнай прадукцыі, сухога суцэльнага і абястлушчанага малака, сыроў і сметанковага масла. Прадпрыемства ўтворана ў 1972 годзе, пераўтворана ў ААТ у 1998 годзе. На прадпрыемстве працуюць больш за 900 чалавек.
Вольга Багачова