Вытворчасьць прампрадукцыі і тавараў народнага спажываньня ў Віцебскай вобласьці за 2006-2010 гады вырасла ў 1,7 разу
25 лістапада, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Віцебская вобласць выканала найважнейшыя параметры пяцігадовай праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця. Пра гэта гаворыцца ў рэзалюцыі, прынятай на абласным сходзе ўдзельнікаў IV Усебеларускага народнага сходу ад Віцебскай вобласці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
За 2006-2010 гады вытворчасць прамысловай прадукцыі і тавараў народнага спажывання ўзрасла ў 1,7 раза, амаль у два разы - рознічны тавараабарот, інвестыцыі ў асноўны капітал і экспарт тавараў. Экспартна-імпартныя аперацыі зарэгістраваны са 112 краінамі свету, захоўваецца стабільнасць на рынку працы, створана 107 тыс. новых працоўных месцаў, намінальная заработная плата ўзрасла больш чым у 2,3 раза, узведзена 2,4 млн. кв.м жылля.
Павялічылася вытворчасць асноўных відаў сельскагаспадарчай прадукцыі: малака - на 50%, жывёлы і птушкі - на 64%, збожжа - на 32%. Створана 245 аграгарадкоў, у якіх пабудавана больш за 6 тыс. камфортных дамоў і кватэр.
Вялікая праца праведзена па будаўніцтве, рамонце і добраўпарадкаванні аб'ектаў сацыяльнай сферы. Набываюць новы аблік гарады і вёскі. Пры рэалізацыі праграмы развіцця малых гарадоў у 2007-2010 гадах створана больш за 18 тыс. новых працоўных месцаў, звыш 1,4 тыс. новых прадпрыемстваў.
Удзельнікі сходу адобрылі асноўныя палажэнні праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2011-2015 гады і ўпэўнены, што іх рэалізацыя дазволіць вырашыць стратэгічную мэту - далейшае павышэнне ўзроўню і якасці жыцця насельніцтва. "У новай пяцігодцы перад людзьмі адкрываюцца новыя вялікія перспектывы. Доўг кожнага грамадзяніна - у імя будучыні нацыі, дзяцей і ўнукаў актыўна ўключыцца ў працу. Мы - адзін народ, якому жыць у сваёй краіне, рабіць яе багацейшай, мацнейшай, прыгажэйшай", - гаворыцца ў рэзалюцыі.-0-