Вытворчасць паліўных гранул адкрыюць у будынку былой школы ў вёсцы Камары Віцебскага раёна
Для рэалізацыі прапаноўваўся лот, у склад якога ўвайшлі двухпавярховы цагляны будынак 1969 года пабудовы (агульнай плошчай 1,8 тысячы квадратных метра) з падведзенымі камунікацыямі і развітой інфраструктурай, размешчаны за пяць кіламетраў ад абласнога цэнтра, а таксама права арэнды зямельнага ўчастка 0,9 гектара тэрмінам на 20 гадоў. Аб'ект выстаўляўся на паўторным адкрытым аўкцыёне з паніжэннем пачатковага кошту продажу на 80 працэнтаў, што склала 42,8 тысячы рублёў. Таргі былі прызнаны не адбыўшыміся, бо цікавасць да дзяржаўнай нерухомасці праявіў адзіны ўдзельнік, які пагадзіўся набыць лот па пачатковым кошце, павялічаным на 5 працэнтаў.
Прадстаўнік айчыннага інвестара паведаміў, што ў планах на 2017 год — стварэнне на базе былой школы вытворчасці пелет (паліўныя гранулы), для чаго будзе арганізавана каля 20 працоўных месцаў.
На Віцебшчыне маецца цэлы пералік невыкарыстоўваемых аб'ектаў сеткі ўстаноў адукацыі, якія прапануюцца для ўцягнення ў гаспадарчы абарот. На тэрыторыі вобласці ў 2016 годзе зачынены і не выкарыстоўваюцца 95 былых школ і дзіцячых садоў. Паводле інфармацыі ўпраўлення адукацыі аблвыканкама, у 2017 годзе плануецца закрыццё дадаткова 35 школ. У цяперашні час выстаўлена на аўкцыённыя таргі 14 школ (дзіцячых садоў). З пачатку года прададзена 15.
Віталь ШЫЕНОК, «Віцьбічы».