Вытворчасьць каляровых ільняных тканін на Аршанскім льнокамбінаце ў 2011 годзе ўзрасце ўдвая
2 сакавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Вытворчасць каляровых ільняных тканін на Аршанскім льнокамбінаце ў бягучым годзе ўзрасце ўдвая, паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі першы намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Навацкі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У мадэрнізацыю і тэхперааснашчэнне РВУП "Аршанскі льнокамбінат" у 2011-2013 гадах будзе ўкладзена каля Br500 млрд. Прадугледжана набыццё 700 адзінак новага абсталявання, якое дазволіць прадпрыемству па тэхнічным аснашчэнні дасягнуць узроўню аналагічных еўрапейскіх фабрык. Па словах Уладзіміра Навацкага, у першую чаргу будзе набыта абсталяванне для вытворчасці каляровых тканін. Пакуль іх выпускаецца 10% ад агульнага аб'ёму тканін, у той час як яны запатрабаваны швейнай прамысловасцю. Прадугледжваецца, што ў бягучым годзе гэты паказчык узрасце ўдвая, а ў 2012 годзе дасягне 30%, што дазволіць павялічыць дабаўленую вартасць канчатковага прадукту.
Як адзначыў Уладзімір Навацкі, нягледзячы на тое, што ўся прадукцыя, выпушчаная Аршанскім льнокамбінатам у апошні год, паспяхова распрадаецца, запасы, што аселі на складах некалькі гадоў таму, застаюцца дастаткова вялікімі. Пры запланаваным аб'ёме рэалізацыі складскіх запасаў у 2010 годзе Br22 млрд., прадпрыемствам рэалізавана Br12 млрд. На 1 студзеня 2011 года аб'ём запасаў у пераліку на пагонныя метры складаў 7 млн. і ў параўнанні з пачаткам 2010 года знізіўся на 2 млн. пагонных метраў.
Аршанскі льнокамбінат - адно з вядучых прадпрыемстваў лёгкай і тэкстыльнай прамысловасці Беларусі і іншых краін СНД, утворана ў 1930 годзе. Выпускае больш за 30 млн. пагонных метраў гатовых ільняных тканін у год. Асноўны асартымент гатовай прадукцыі - разнастайная сталовая бялізна: абрусы, сурвэткі, ручнікі і іх камплекты; пасцельная бялізна: прасціны, навалачкі, прасцірадзіны і камплекты; паўльняныя покрывы. На тэрыторыі Беларусі працуе больш за 120 фірменных магазінаў і секцый прадпрыемства.-0-