Пракуратура адзначае нізкі ўзровень прафілактыкі правапарушэнняў у ссузах і ПТВ Віцебскай вобласці
19 красавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Ва ўстановах прафтэхадукацыі Віцебскай вобласці адзначаецца нізкі ўзровень прафілактыкі правапарушэнняў і безнагляднасці сярод навучэнцаў, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА старэйшы памочнік пракурора Віцебскай вобласці па наглядзе за выкананнем заканадаўства аб непаўналетніх і моладзі Ірына Януковіч.
Пракурорская праверка ў ПТВ, ССНУ і вячэрніх школах вобласці ахапіла 23 навучальныя ўстановы. Адной з прычын для яе правядзення паслужыў рост злачыннасці сярод навучэнцаў гэтых устаноў адукацыі. Так, за 2010 год ён павялічыўся на 14,3% да 196 выпадкаў пры агульнай тэндэнцыі зніжэння супрацьпраўных дзеянняў сярод падлеткаў. За першы квартал гэтага года ўжо зарэгістравана 38 злачынстваў. Звяртаюць на сябе ўвагу і факты здзяйснення серый крадзяжоў, угонаў, рабаванняў навучэнцамі прафтэхвучэльняў, якія маюць статус сірот і пражываюць у інтэрнатах навучальных устаноў.
Работа па прафілактыцы злачыннасці ва ўстановах прафтэхадукацыі рэгіёна наладжана, аднак яна малаэфектыўная з-за арганізацыйных недахопаў, нізкай актыўнасці саветаў прафілактыкі па правядзенні індывідуальнай работы з навучэнцамі, схільнымі да асацыяльных паводзін, адзначыла Ірына Януковіч. Нярэдка адзначаюцца выпадкі фармальнага стаўлення да работы з падлеткамі, застаюцца без увагі педагогаў факты ўжывання алкаголю, асацыяльных паводзін, сітуацыя ў сям'і, суіцыдальныя паводзіны.
Абагульненне па выніках праверкі з прапановамі па ўдасканаленні работы накіравана ва ўпраўленне адукацыі Віцебскага аблвыканкама.-0-