Пракуратура Віцебшчыны: Грамадзян не заўсёды своечасова інфармуюць аб долевым будаўніцтве
Пракуратура Віцебскай вобласці ўстанавіла факты парушэнняў правоў грамадзян на атрыманне поўнай і дакладнай інфармацыі аб долевым будаўніцтве жылля, паведаміла пракурор аддзела па наглядзе за выкананнем заканадаўства і законнасцю прававых актаў пракуратуры вобласці Марына Ражова.
Заканадаўства аб долевым будаўніцтве жылля ў Беларусі змяшчае патрабаванні, накіраваныя на прадастаўленне грамадзянам поўнай і дакладнай інфармацыі ў сферы долевага будаўніцтва. Гэтыя звесткі могуць размяшчацца ў СМІ (друкаваныя выданні, інтэрнэт), на інфармацыйных стэндах мясцовых органаў улады (п. 4 Палажэння аб долевым будаўніцтве аб'ектаў у Рэспубліцы Беларусь, зацверджанага ўказам прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 06.06.2013 №263).
"На сённяшні дзень будаўніцтва жылых дамоў з долевым прыцягненнем сродкаў грамадзян ажыццяўляецца ў Віцебску, Наваполацку, Бешанковіцкім, Віцебскім, Докшыцкім, Аршанскім, Чашніцкім і іншых раёнах. Пракуроры гарадоў і раёнаў выбарачна праверылі выкананне патрабаванняў па прадастаўленні грамадзянам поўных і дакладных звестак ва ўказанай сферы і выявілі парушэнні з боку забудоўшчыкаў і гаррайвыканкамаў", - адзначыла Марына Ражова.
У прыватнасці, пракуроры Віцебска, Аршанскага і Чашніцкага раёнаў устанавілі, што ў дачыненні да асобных аб'ектаў будаўніцтва праектныя дэкларацыі не размяшчаліся на сайтах мясцовых выканкамаў, альбо гэта рабілася несвоечасова. Не заўсёды патрэбныя дадзеныя з'яўляліся на стэндах гаррайвыканкамаў.
У Наваполацку, Глыбокскім і Аршанскім раёнах звесткі праектных дэкларацый змяшчалі няпоўную інфармацыю аб забудоўшчыках і аб'ектах долевага будаўніцтва. Напрыклад, не пазначаліся звесткі аб жылых дамах і іншых аб'ектах нерухомасці (тэрмінах іх здачы), у будаўніцтве якіх прымаў удзел забудоўшчык на працягу апошніх трох гадоў. Не было дадзеных аб правах забудоўшчыка на зямельны ўчастак і іншых неабходных звестак. Выяўленыя факты з'яўляюцца парушэннем правоў грамадзян.
Па выніках праверкі пракуроры Віцебска, Наваполацка, Глыбокскага, Аршанскага і Чашніцкага раёнаў прынялі меры рэагавання, накіраваныя на ўстараненне гэтых парушэнняў заканадаўства.
Кацярына Князева, БЕЛТА