Пракуратура Віцебскай вобласці вывучыць пытанні забеспячэння бяспекі на вадаёмах

19 студзеня, Віцебск /Сяргей Кочатоў - БЕЛТА/. Пракуратура Віцебскай вобласці плануе напярэдадні адкрыцця купальнага сезона вывучыць пытанні арганізацыі масавага адпачынку людзей і забеспячэння бяспекі грамадзян на вадаёмах вобласці. Пра гэта паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі намеснік пракурора вобласці Георгій Каранько, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Актуальнасць праблемы пацвердзіў мінулы купальны сезон, калі ва ўмовах анамальна гарачага надвор'я рэзка павялічылася колькасць загінулых на вадаёмах. Толькі за ліпень патанула 85 чалавек - гэта ў 2,5 раза больш, чым за аналагічны месяц і 2008, і 2009 гадоў. Пракуратура праверыла месцы масавага адпачынку, кіраўніцтва вобласці і раёнаў праінфармавана для ўстаранення праблемных пытанняў у забеспячэнні бяспекі грамадзян на вадаёмах і папярэджанні гібелі на вадзе. Размова ідзе аб магчымым пашырэнні абсталяваных і прыстасаваных для адпачынку месцаў каля вадаёмаў, своечасовым фінансаванні такіх мерапрыемстваў. Напярэдадні купальнага сезона 2011 года пракуратура вывучыць ход выканання намечаных планаў па арганізацыі адпачынку на вадзе, удакладніў Георгій Каранько. Па яго словах, у 2010 годзе ў вобласці дзейнічала больш за 130 арганізаваных месцаў масавага адпачынку на вадаёмах, пры гэтым усяго ў рэгіёне каля 2,8 тыс. азёр, 240 малых рэчак і 2 вялікія рэкі. Як правіла, людзі гінуць па-за абсталяваных для купання месцаў, дзе няма выратавальных пастоў, не абследавана дно і г.п. "Праца ў плане арганізацыі адпачынку на вадаёмах яшчэ прадстаіць вельмі сур'ёзная, таму пракуратура будзе адсочваць вырашэнне пытанняў стварэння бяспечных умоў адпачынку на вадзе", - адзначыў Георгій Каранько. Разам з тым сярод асноўных прычын гібелі на вадзе пераважалі купанне ў стане алкагольнага ап'янэння, а таксама знаходжанне дзяцей ля вады без нагляду дарослых. Нярэдка грамадзяне паводзяць сябе бесклапотна, дапускаюць неасцярожнасць як у адносінах да сябе, так і ў адносінах да сваіх блізкіх, адзначыў намеснік пракурора. У 2010 годзе ў Віцебскай вобласці патанула 223 чалавекі, у тым ліку пры купанні загінула 149 грамадзян.-0-