Пракуратура Віцебскай вобласці спыніла справу аб гібелі трох чалавек у Верхнядзвінскім раёне

24 мая, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Пракуратура Віцебскай вобласці спыніла расследаванне крымінальнай справы аб гібелі трох чалавек пры разборцы сельгасзбудавання ў Верхнядзвінскім раёне ў сувязі са смерцю вінаватага. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміў старшы следчы па асабліва важных справах следчага аддзела абласной пракуратуры Дзмітрый Януш. Крымінальная справа была ўзбуджана па ч.2 арт.303 Крымінальнага кодэкса Беларусі "Парушэнне правілаў бяспекі будаўнічых работ, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека" ў студзені бягучага года. Трагедыя здарылася ў вёсцы Дубровы пры нарыхтоўцы дроў падчас разборкі даху былога цялятніка сельгаспрадпрыемства "Коханавічы". У выніку абвальвання даху пры дэмантажы збудавання загінулі прараб і два рабочыя будаўнічай брыгады прадпрыемства, яшчэ тры работнікі атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці. У ходзе расследавання было ўстаноўлена, што прычынамі няшчаснага выпадку з'явіліся грубыя парушэнні прарабам патрабаванняў бяспекі. Так, разборка канструкцый ажыццяўлялася без абследавання агульнага стану будынка, не былі ўстаноўлены небяспечныя зоны, не праведзена замацаванне або ўзмацненне канструкцый разбіраемага будынка для прадухілення выпадковага абвальвання канструкцый. Пры выбары спосабу разборкі будынка вытворца работ не ўлічыў снегавую нагрузку і стан апорных элементаў канструкцыі. Пры гэтым прараб меў дастатковыя веды і вопыт работы, якія дазвалялі яму ў належнай меры забяспечыць бяспеку будаўнічых работ. З улікам таго, што прараб загінуў на месцы здарэння, крымінальная справа спынена ў сувязі са смерцю вінаватага, сказаў Дзмітрый Януш. Акрамя таго, пракуратурай вобласці ўнесена прадстаўленне аб устраненні парушэнняў заканадаўства аб працы кіраўніцтву сельгаспрадпрыемства "Коханавічы", устаноўленых у ходзе расследавання. Так, асобныя работнікі прадпрыемства не праходзілі навучанне і праверку ведаў па ахове працы, а таксама медыцынскі агляд. На прадпрыемстве не праводзяцца перыядычныя тэхнічныя агляды вытворчых будынкаў і збудаванняў, адсутнічае дакументацыя ўліку работ па абслугоўванні і бягучым рамонце вытворчых будынкаў і збудаванняў. Выяўленыя парушэнні павінны быць устранены на працягу месяца, а службовыя асобы, адказныя за арганізацыю работы па ахове працы, прыцягнуты да адказнасці.-0-