Пракуратура Віцебскай вобласці ў другім паўгоддзі праверыць выкананне зямельнага заканадаўства

21 чэрвеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Праверка выканання зямельнага заканадаўства ў Віцебскай вобласці будзе праведзена абласной пракуратурай у другім паўгоддзі. Пра гэта паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі намеснік пракурора вобласці Георгій Каранько, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Мы маем намер праверыць перш за ўсё працу землеўпарадкавальнай службы як абласнога, так і раённага узроўняў, якая сёлета рэарганізавана, каб у выніку павысіць патрабавальнасць да выканання заканадаўства ў гэтай сферы", - адзначыў ён. Сёлета пракуратура вобласці асноўны акцэнт пры арганізацыі праверачнай дзейнасці робіць на нагляд за выкананнем заканадаўства з боку кантралюючых органаў. Так, ужо завершаны праверкі структурных падраздзяленняў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, "Віцебскэнерго", абласнога ўпраўлення Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы і сістэмы дзяржаўнага тэхнічнага нагляду. Намеснік пракурора вобласці канстатаваў, што найбольшая колькасць парушэнняў выяўлена ў сістэме дзяржтэхнагляду. "Інспекцыі дзяржтэхнагляду як абласнога, так і раённага узроўняў недапрацоўваюць у плане арганізацыі праверак стану транспартных сродкаў, у асноўным аграпрамысловага комплексу", - адзначыў Георгій Каранько. Так, у асобных гаспадарках дапускаўся выхад на палі да 40% тэхнікі без праходжання тэхнічнага агляду, эксплуатацыя транспартных сродкаў без святлавых прылад, што з'яўляецца грубым парушэннем правілаў дарожнага руху. Выяўляліся факты допуску да кіравання асоб, пазбаўленых вадзіцельскіх правоў, а таксама без праходжання медыцынскага агляду. Не арганізаваны належным чынам кантроль за расходаваннем гаруча-змазачных матэрыялаў. Па выніках праверак унесены акты пракурорскага рэагавання, а таксама значная колькасць адказных работнікаў прыцягнута да дысцыплінарнай адказнасці. Так, па выніках праверкі структур МНС да адказнасці прыцягнута 11 службовых асоб узроўню кіраўнікоў раённых аддзелаў.-0-