Пракуратура Віцебскай вобласці выявіла негатоўнасць пляжаў да летняга сезону

16 чэрвеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Пракуратура Віцебскай вобласці выявіла негатоўнасць пляжаў рэгіёна да летняга сезона, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА старшы памочнік пракурора Віцебскай вобласці па прававым забеспячэнні, інфармацыі і сувязях з грамадскасцю Ірына Таўтын. У ходзе праверкі было ўстаноўлена, што толькі 27,6% пляжаў маюць пашпарты на сваё адкрыццё і працу. Увогуле адсутнічаюць гэтыя прававыя дакументы на афіцыйна ўстаноўленыя зоны адпачынку ля вадаёмаў у Шумілінскім, Бешанковіцкім, Дубровенскім, Глыбокскім, Верхнядзвінскім, Пастаўскім, Расонскім раёнах і Оршы. Акрамя таго, юрыдычныя асобы, замацаваныя за пляжамі, не выконваюць патрабаванні па абследаванні і ачыстцы акваторыі вадаёмаў ад старонніх прадметаў. Так, да адкрыцця купальнага сезона гэтая работа праведзена менш чым на палове пляжаў. Многія зоны адпачынку завалены бытавым смеццем, пустазеллем. Адказныя арганізацыі, усталяваўшы кантэйнеры для збору смецця, не займаюцца іх перыядычнай ачысткай. Сярод іншых парушэнняў, характэрных для большасці пляжаў, - адсутнасць інфармацыйных стэндаў, туалетаў, распранальняў, ценявых навесаў, непрыняцце мер па забеспячэнні бяспекі купальшчыкаў. Такім чынам, на момант праверкі да купальнага сезона не былі гатовы большасць размешчаных у вобласці пляжаў. На думку Ірыны Таўтын, такая сітуацыя склалася з-за адсутнасці кантролю гаррайвыканкамаў за выкананнем прымаемых імі рашэнняў аб вызначэнні пераліку пляжаў і ўскладанні абавязкаў па іх добраўпарадкаванні і ўтрыманні на канкрэтных суб'ектах гаспадарання. Напрыклад, Браслаўскі райвыканкам, які вызначыў 5 месцаў адпачынку на вадзе ў Браславе, даручыў сельвыканкамам замацаваць за зонамі адпачынку адказных суб'ектаў гаспадарання. Аднак да гэтага часу па гэтым пытанні не прынята рашэнняў Плюскім, Апсаўскім, Цецеркаўскім, Далёкаўскім, Мяжанскім сельскімі Саветамі. Нягледзячы на наяўнасць такіх рашэнняў, прынятых Слабадскоўскім, Друеўскім, Відзаўскім сельвыканкамамі, іх старшыні нават не маюць інфармацыі аб колькасці пляжаў, якія знаходзяцца на іх тэрыторыях, і суб'ектах гаспадарання. Усяго на тэрыторыі вобласці маецца 134 пляжы. Афіцыйна адкрытых зон адпачынку на вадзе няма толькі ў Полацку і Лёзненскім раёне. Аднак калі ў першым выпадку іх адсутнасць абумоўлена неадпаведнасцю вады санітарным патрабаванням, то ў другім мясцовыя ўлады тлумачаць сітуацыю, якая склалася, адсутнасцю ў раённым бюджэце артыкула расходаў на іх утрыманне і добраўпарадкаванне. Фактычна ж мясцовыя жыхары для адпачынку і купання выкарыстоўваюць чатыры азёры і адно вадасховішча.-0-