Пракуратура Віцебскай вобласці выступае за ўзмацненне пакаранняў для парушальнікаў ПДД

24 верасня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Пракуратура Віцебскай вобласці выступае за ўзмацненне пакаранняў для парушальнікаў правілаў дарожнага руху. Пра гэта заявіў сёння на брыфінгу, прысвечаным аварыйнасці на дарогах рэгіёна, першы намеснік пракурора Віцебскай вобласці Аляксандр Чадзюк, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Па словах першага намесніка пракурора, комплекс прафілактычных мерапрыемстваў, накіраваных на павышэнне культуры кіроўцаў і пешаходаў, і так дастаткова шырокі. Меры адказнасці ў дачыненні да парушальнікаў таксама прымяняюцца суровыя. "Аднак у корані пераламіць сітуацыю пакуль не ўдаецца. Пра гэта сведчаць высокі паказчык гібелі на дарогах і шматлікія пратаколы на ўдзельнікаў дарожнага руху", - сказаў Аляксандр Чадзюк, падкрэсліўшы, што неабходна шукаць новыя меры ўздзеяння, вяртацца да спосабаў барацьбы з парушальнікамі метадамі шырокага грамадскага асуджэння. Аляксандр Чадзюк прапануе паказваць па тэлебачанні ролікі з парушальнікамі, друкаваць іх фатаграфіі ў газетах, вывешваць на дошках ганьбы, парушальнікаў-пешаходаў прылюдна вадзіць за руку па пешаходным пераходзе, накіроўваць на грамадскія работы, шырока анансуючы гэтыя падзеі ў сродках масавай інфармацыі. "Ганьба - натуральны фактар рэгулявання паводзін. Для многіх гэта можа стаць дзейсным метадам. Тых жа, хто ўжо страціў гэту ўласцівасць чалавечай натуры і не шануе жыццё іншых, варта самым суровым чынам выхоўваць рублём, прымяняючы самыя жорсткія штрафныя санкцыі аж да крымінальнай адказнасці", - лічыць першы намеснік пракурора. За студзень-жнівень бягучага года на тэрыторыі Віцебскай вобласці адбылося 443 дарожна-транспартных здарэнні, што на 20% менш у параўнанні з аналагічным узроўнем мінулага года. Загінула за гэты перыяд 123 чалавекі, з іх пяць дзяцей (адпаведна на 8 і на 2 чалавекі больш, чым у студзені-жнівень 2008 года). Супрацоўнікі ўпраўлення ДАІ УУС Віцебскага аблвыканкама выявілі 130,2 тыс. парушэнняў ПДР, што на 40,5 тыс. выпадкаў больш. Затрымана 4,1 тыс. кіроўцаў за кіраванне аўтамабілем у стане алкагольнага ап'янення, у тым ліку 341 - паўторна на працягу года.-0-