Пракуратура выявіла парушэнні ў працы Віцебскага ДСК у барацьбе з карупцыяй
2 чэрвеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Пракуратура Віцебскай вобласці выявіла парушэнні ў дзейнасці Віцебскага домабудаўнічага камбіната (Віцебскага ДСК) у барацьбе з карупцыяй, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА старэйшы памочнік пракурора Віцебскай вобласці па прававым забеспячэнні, інфармацыі і сувязях з грамадскасцю Ірына Таўтын.
У ходзе праверкі было ўстаноўлена, што на прадпрыемстве да гэтага часу не створана антыкарупцыйная камісія, якая каардынавала б дзейнасць службаў і падраздзяленняў прадпрыемства па папярэджанні карупцыі. Ад шэрагу службовых асоб ДСК не запатрабавана абавязацельства па выкананні абмежаванняў, устаноўленых для іх артыкулам 17 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб барацьбе з карупцыяй", і яны не апавешчаны аб прававых наступствах яго невыканання. Ад некаторых жа работнікаў прыняты такія абавязацельствы са спасылкай на нарматыўны акт, які страціў сілу. Разам з тым падобныя факты непрыняцця належных мер па папярэджанні карупцыі могуць стварыць перадумовы для падобных праяў.
Вывучэнне практыкі выканання патрабаванняў Дырэктывы №2 "Аб мерах па далейшай дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарату" і заканадаўства аб зваротах грамадзян паказала, што кіраўніцтвам Віцебскага ДСК прымаюцца пэўныя меры, накіраваныя на аптымізацыю дзейнасці апаратаў кіравання, папярэджанне фактаў бюракратызму і фармалізму, больш уважлівае стаўленне да зваротаў грамадзян. Гэтыя пытанні рэгулярна разглядаюцца на аператыўных і рабочых нарадах, вырашаюцца арганізацыйныя праблемы, звязаныя з прыёмам грамадзян па асабістых пытаннях і вырашэннем зваротаў заяўнікаў. Аднак патрабаванні заканадаўства ў гэтай сферы выконваюцца не ў поўнай меры. У прыватнасці, маюць месца выпадкі парушэння ўстаноўленых тэрмінаў вырашэння зваротаў, фармальныя адказы на канкрэтныя пытанні, адсутнічаюць дадзеныя аб прыцягненні вінаватых асоб да дысцыплінарнай або матэрыяльнай адказнасці.
Для ўстаранення дапушчаных парушэнняў кіраўніцтву прадпрыемства ўнесена адпаведнае прадстаўленне.-0-