Пракуратуры Віцебскай і Пскоўскай абласцей будуць развіваць узаемадзеянне ў барацьбе з гандлем людзьмі

15 ліпеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Супрацоўніцтва пракуратур Віцебскай і Пскоўскай абласцей у сферы барацьбы з гандлем людзьмі будзе садзейнічаць раскрыццю і прафілактыцы гэтага цяжкага віду злачынстваў. Аб гэтым заявіў журналістам пракурор Віцебскай вобласці Генадзь Дыско перад пачаткам рабочай сустрэчы прадстаўнікоў пракуратур беларускай і расійскай абласцей, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Для Віцебскай вобласці праблема барацьбы са злачыннасцю ў сферы гандлю людзьмі з'яўляецца актуальнай, пры гэтым за апошнія два з паловай гады колькасць выяўляемых злачынстваў пастаянна расце. Калі ў 2009 годзе была ўзбуджана адна крымінальная справа па гэтай катэгорыі крымінальна наказуемых дзеянняў, то ў 2010-м такіх спраў было ўжо 12, а за шэсць месяцаў 2011 года ў вобласці выяўлена 19 злачынстваў, звязаных з гандлем людзьмі. Найбольш часта здзяйсняюцца злачынствы, звязаныя з гандлем людзьмі ў мэтах сексуальнай эксплуатацыі, дзяўчат вывозяць у асноўным у Маскву і Маскоўскую вобласць.

"Цяпер нашы намаганні ў гэтай сферы накіраваны на выкараненне такога роду злачыннасці, а для гэтага трэба актывізаваць прафілактыку, аналізаваць прычыны і ўмовы здзяйснення злачынстваў і прымаць меры да іх недапушчэння", - падкрэсліў Генадзь Дыско. Супрацоўніцтва з калегамі з Пскоўскай вобласці можа адыграць у гэтым плане важную ролю, пры гэтым пракурор вобласці спадзяецца, што і вопыт праваахоўнікаў Віцебскай вобласці дапаможа калегам з расійскага рэгіёна актывізаваць барацьбу з арганізаванай злачыннасцю, якая не ведае межаў.

Пракурор Пскоўскай вобласці Цімур Кебекаў у сваю чаргу падкрэсліў, што рабочая сустрэча прадстаўнікоў пракуратур дзвюх прыгранічных абласцей на афіцыйным узроўні праходзіць упершыню. На яго думку, такі фармат супрацоўніцтва дае магчымасць значна прасунуцца наперад у барацьбе са злачыннасцю, звязанай з гандлем людзьмі. Абмен думкамі, вопытам работы, аналітычнай інфармацыяй уяўляе значную цікавасць для пракуратуры Пскоўскай вобласці яшчэ і таму, што ў прыгранічнай з Беларуссю расійскай вобласці пакуль не выяўлена такога роду злачынстваў. "Магчыма, пасля знаёмства з вопытам і напрацоўкамі віцебскіх калег нам удасца актывізаваць работу па выяўленні такіх злачынстваў, якія носяць латэнтны характар", - падкрэсліў Цімур Кебекаў. Акрамя таго, у ходзе рабочай сустрэчы ў Віцебску будзе карысна абмеркаваць шэраг іншых напрамкаў узаемадзеяння, у тым ліку па барацьбе з кантрабандай, дадаў ён.-0-