Прамысловая пасека і племянны пчаліны рэпрадуктар будуць створаны ў Віцебскай вобласці
12 мая, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Прамысловая пасека і племянны пчаліны рэпрадуктар будуць створаны ў Віцебскай вобласці на працягу бліжэйшых двух гадоў. Праграма развіцця пчалінаводства ў сельскагаспадарчых арганізацыях Віцебскай вобласці на перыяд 2010-2011 гадоў пачала рэалізоўвацца ў рэгіёне, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў камітэце па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага аблвыканкама.
Прамысловая пасека на 300 сем'яў будзе створана ў сельгаспрадпрыемстве "Палачана" ў Полацкім раёне. Асноўным відам яе дзейнасці стане таварная вытворчасць мёду, пылка і іншай прадукцыі пчалінаводства. Племянны рэпрадуктар па паляпшэнні прадукцыйных і племянных якасцей пчаліных сем'яў прадугледжваецца стварыць на базе фермерскай гаспадаркі "Белаграпрам-Нектар" у Дубровенскім раёне.
Як адзначылі спецыялісты камітэта, мэта праграмы - павелічэнне вытворчасці прадукцыі пчалінаводства, насычэнне рынку вобласці мёдам і павышэнне ўраджайнасці сельгаскультур. Асноўным вытворчым напрамкам развіцця пчалінаводства з'яўляецца апыляльна-мядовы. Пчолы выкарыстоўваюцца для апылення культур закрытага грунту, садоў, ягаднікаў, шматгадовых траў. Аднак роля пчол у павышэнні ўраджайнасці насення шматгадовых траў і іншых энтамафільных культур за кошт іх апылення недаацэньваецца. Таму перад сельгаспрадпрыемствамі стаіць задача шляхам укрупнення наяўных пасек і стварэння новых павялічыць колькасць пчаліных сем'яў за два гады на 1888 сем'яў і да канца 2011 года мець 5,2 тыс. пчаліных сем'яў.
Праграмай таксама прадугледжана ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы пасек, забеспячэнне ўмоў па выкананні тэхналагічных патрабаванняў для атрымання прадукцыі пчалінаводства, падбор і падрыхтоўка спецыялістаў. Фінансаванне праграмы будзе ажыццяўляцца як за кошт сродкаў сельгаспрадпрыемстваў, так і за кошт абласнога бюджэту. Агульная сума выдаткаў на 2010-2011 гады складае Br2,3 млрд. З абласнога бюджэту прадугледжваецца вылучыць Br680 млн. Пры гэтым са сродкаў абласнога бюджэту на стварэнне прамысловай таварнай пасекі ў Полацкім раёне за два гады будзе накіравана Br230 млн., на абласны пчальнік - Br120 млн.
Па дадзеных статыстыкі, на пачатак года ў вобласці па гаспадарках усіх катэгорый мелася звыш 37,5 тыс. пчаліных сем'яў, з іх 12,6% - належалі ўстановам Віцебскага вытворчага лесагаспадарчага аб'яднання, фермеры трымалі 1,8% пчаліных сем'яў, у асабістых падсобных гаспадарках - 85,6%. -0-