Прамысловыя прадпрыемствы Беларусі маюць дастатковыя магчымасці для захавання працоўных месцаў ва ўмовах сусветнага крызісу - Мінпрам

27 сакавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Беларускія прамысловыя прадпрыемствы маюць дастатковыя магчымасці, каб супрацьстаяць негатыўным з'явам, выкліканым сусветным эканамічным крызісам. Аб гэтым заявіў сёння на пасяджэнні Віцебскага аблвыканкама намеснік міністра прамысловасці Беларусі Генадзь Свідзерскі, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Як падкрэсліў намеснік міністра, "у айчынных прадпрыемстваў ёсць дастатковыя магчымасці, каб захаваць працоўныя месцы, не страціць свае рынкі збыту і заваяваць новыя". Выпуск канкурэнтаздольнай прадукцыі з'яўляецца адным са спосабаў процідзеяння сусветнаму крызісу. Для аказання фінансавай падтрымкі вытворцам у яе распрацоўцы і асваенні створана дзяржаўная навукова-тэхнічная праграма. Удзельнічаць у праграме могуць тыя прадпрыемствы, дзе маецца эканамічна абгрунтаваны план выпуску новага віду прадукцыі і яго рэалізацыі. Выразны бізнес-план неабходны і для атрымання сродкаў для цехаперааснашчэння з дзяржаўнага інавацыйнага фонду. "Гэта адкрытыя крыніцы для фінансавання новых праектаў, але іх атрыманне патрабуе адказнага падыходу да стварэння новых вытворчасцей", - дадаў Генадзь Свідзерскі. Разам з тым не ўсе прадпрыемствы выкарыстоўваюць гэтыя магчымасці, канстатаваў ён. Прадпрыемствам Мінпрама неабходна больш актыўна выкарыстоўваць магчымасць удзелу ў дзяржаўных навукова-тэхнічных праграмах і атрымання сродкаў з дзяржаўнага інавацыйнага фонду, заключыў Генадзь Свідзерскі.-0-