Прарэктар ВДУ: Ільготы для абітурыентаў прыцягнуць у ВНУ інтэлектуальную эліту

Ільготы для абітурыентаў на педагагічныя спецыяльнасці будуць спрыяць прыцягненню ў прафесію настаўніка інтэлектуальнай эліты. Такое меркаванне выказаў першы прарэктар Віцебскага дзяржуніверсітэта імя Машэрава, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Васіль Маліноўскі, каментуючы новую рэдакцыю правілаў прыёму ва ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА .

Цяпер абітурыенты з ліку пераможцаў (дыпломы І, ІІ, ІІІ ступені) трэцяга (абласнога, Мінскага гарадскога) этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах (калі гэты прадмет з'яўляецца профільным), а таксама асобы, узнагароджаныя залатым, сярэбраным медалём або якія скончылі ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі з дыпломам з адзнакай (пры наяўнасці рэкамендацый педагагічных саветаў устаноў адукацыі) могуць быць залічаны на педагагічныя спецыяльнасці без уступных выпрабаванняў.

"Гэта новаўвядзенне прыцягне ў профільныя навучальныя ўстановы таленавітую моладзь, што пазітыўна адбіцца на развіцці ВНУ і будзе спрыяць удасканаленню педагагічнай навукі", - сказаў першы прарэктар.

Закранаючы пашырэнне мэтавага набору, Васіль Маліноўскі адзначыў, што будучая ўступная кампанія стане для ВНУ паказальнай. "Цесна супрацоўнічаем з установамі адукацыі (школамі і ССНУ), у выніку сумеснай працы створана база абітурыентаў, якія плануюць паступаць у наш ВНУ. Мы працуем персанальна з кожным абітурыентам, што прыносіць вынік. У мінулым годзе ўсе бюджэтныя месцы былі заняты. Калі зараз аператыўна вырашым пытанні з працадаўцамі нашых будучых выпускнікоў, праблем з мэтавым наборам не павінна ўзнікнуць і ў гэтым годзе", - падкрэсліў Васіль Маліноўскі.

Канкурэнцыя паміж ВНУ краіны з кожным годам абвастраецца. Цяпер у выйгрышы той, хто змог наладзіць цеснае супрацоўніцтва з працадаўцамі і вядзе актыўную працу з будучымі абітурыентамі, падсумаваў першы прарэктар.

Алена Ціханава