Лесьняны досьвед сумяшчэньня выставы «СМІ ў Беларусі» і «ЦІБО» паўторыцца 23-26 красавіка 2013 года
У XVI Міжнароднай спецыялізаванай выстаўцы «СМІ ў Беларусі» паўдзельнічаюць самыя розныя друкаваныя і электронныя мас-медыя, друкарні, выдавецтвы, рэкламныя арганізацыі і інфармацыйныя агенцтвы. Акрамя беларускіх сродкаў масавай інфармацыі тут штогод прадстаўляюць сваю прадукцыю арганізацыі з Расіі, Украіны, Кітая, Кубы, Індыі і Турцыі.
XX Міжнародны спецыялізаваны форум па тэлекамунікацыях, інфармацыйных і банкаўскіх тэхналогіях «ЦІБО-2013» традыцыйна прыме вядучых вытворцаў тэхналогій і абсталявання з розных кропак зямнога шара. У мінулым годзе, напрыклад, у форуме прынялі ўдзел 15 краін і 250 прадпрыемстваў. Юбілейны дваццаты «ЦІБО» прааналізуе развіццё інфармацыйнага грамадства ў Беларусі і дзяржаўную палітыку ў інфармацыйнай сферы. Сярод мэт таксама: прасоўванне на беларускі рынак найноўшых тэхналогій; прапаганда дасягненняў IT у шырокіх пластах беларускага грамадства; дапамога ў развіцці нацыянальнай інфармацыйнай індустрыі і прадпрымальніцтву ў сферы IТ; паляпшэнне сістэмы падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі IТ-спецыялістаў.
Нагадаем, што ўпершыню «ЦІБО» і «СМІ ў Беларусі» сумясцілі ў 2012 годзе. Рабілася гэта ў надзеі на тое, што такія меры дапамогуць пашырыць выкарыстанне сучасных тэхналогій і інтэрнэту ў друкаваных і электронных сродках масавай інфармацыі. Вынікі 2012 года задаволілі Міністэрства інфармацыі, і адгэтуль «ЦІБО» і «СМІ ў Беларусі» «разам назаўжды».
Праграма мерапрыемства акрамя выставак звычайна ўключае круглыя сталы, дыскусіі, семінары і навукова-практычныя канферэнцыі.
Арганізатарамі XVI Міжнароднай спецыялізаванай выстаўкі «СМІ ў Беларусі» і XX Міжнароднага спецыялізаванага форуму па тэлекамунікацыях, інфармацыйных і банкаўскіх тэхналогіях «ЦІБО-2013» выступаюць Міністэрства інфармацыі, Міністэрства сувязі і інфарматызацыі, Нацыянальны банк, ГУ «Адміністрацыя парка высокіх тэхналогій» і іншыя.