Супрацьпажарны стан жылога фонду Віцебскай вобласці будзе абследаваны ў I паўгоддзі

19 лютага, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Да канца першага паўгоддзя ў Віцебскай вобласці плануецца правесці абследаванне супрацьпажарнага стану ўсяго жылога фонду. Пра гэта паведаміў першы намеснік начальніка абласнога ўпраўлення МНС Сяргей Шавяко сёння на пасяджэнні абласной камісіі па надзвычайных сітуацыях, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Прыняцця шырокамаштабных прафілактычных мер патрабуе значны рост гібелі людзей на пажарах, які адбыўся ў вобласці з пачатку года. За няпоўныя два месяцы агонь забраў жыцці 73 чалавек, што практычна ў два разы перавышае колькасць загінулых за аналагічны перыяд мінулага года. З віны людзей, якія вядуць асацыяльны лад жыцця, злоўжываюць алкаголем, адбылося 126 пажараў з гібеллю, або 74% ад агульнай колькасці пажараў, што забралі жыцці людзей. Разам з тым меры па забеспячэнні пажарнай бяспекі населеных пунктаў і домаўладанняў грамадзян выконваюцца не ў поўным аб'ёме. Так, аналіз паказвае, што азнаямленчыя камісіі ў раёнах практычна не правяраюць супрацьпажарны стан жылых дамоў. Гэта датычыцца Браслаўскага, Міёрскага, Талачынскага і шэрагу іншых раёнаў. У домаўладаннях адзінока пражываючых грамадзян устаноўлена крыху больш за 8,3 тыс. аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў (АПА), што складае ўсяго 36% ад неабходнай колькасці. У шэрагу раёнаў нездавальняюча арганізавана работа па падключэнні ў адну сетку АПА ў дамах і кватэрах слабачуючых, недужых грамадзян, інвалідаў, а таксама шматдзетных сем'яў і сем'яў, якія выхоўваюць малалетніх дзяцей. Акрамя таго, у 53 населеных пунктах адсутнічае супрацьпажарнае водазабеспячэнне, 60 аб'ектаў з масавым або кругласутачным знаходжаннем людзей не абсталяваны сістэмай аўтаматычнай пажарнай сігналізацыі. Абласная камісія па НС распрацавала комплекс практычных і прафілактычных мер па забеспячэнні пажарнай і прамысловай бяспекі, які ўключае, у тым ліку, правядзенне месячніка пажарнай бяспекі, а таксама ўзмацненне адказнасці кіраўнікоў, якія дапускаюць сістэматычныя парушэнні, аж да разгляду пытання аб адпаведнасці займаемай пасадзе. З пачатку года ў вобласці адбыўся 281 пажар, агульны матэрыяльны ўрон ад якіх перавысіў Br1,3 млрд. Палова з іх здарылася з-за неасцярожнага абыходжання з агнём.-0-