Пратакол аб супрацоўніцтве падпісаны паміж Сенненскім раёнам і двума расійскімі рэгіёнамі

Мерапрыемства стала працягам ранейшых візітаў дэлегацыі Сенненшчыны ў Песчанакопскі раён Растоўскай вобласці і Пачынкоўскі раён Смаленскай вобласці. Распрацаваная праграма датычыцца як эканомікі, так і сацыяльнай сферы. Па словах старшыні Сенненскага райвыканкама Васіля Чарадніка, ужо ёсць канкрэтныя планы супрацоўніцтва паміж Богушэўскім КБА «Прэстыж» і Пачынкоўскай швейнай фабрыкай.

У бліжэйшы час чакаецца прыезд прадстаўнікоў Смаленшчыны для знаёмства з магчымасцямі калег. Пашырэнне вытворчасці дазволіць швеям з Богушэўска павялічыць экспартны складнік і стварыць новыя працоўныя месцы. Кіраўніцтва Песчанакопскага раёна зацікавілася арганізацыяй навучальнага і выхаваўчага працэсу ў Сенненскай школе-інтэрнаце. У сваю чаргу гаспадары плануюць пераняць вопыт расіян па развіцці прыватнага бізнесу і мінімальнай апрацоўцы глебы ў сельгасвытворчасці.

У дзень падпісання дагавора з удзелам расійскіх гасцей у Сянне была адкрыта сучасная спартыўная пляцоўка для заняткаў футболам і баскетболам.

Сяргей Ляшук, «Віцебскія весці».