Працэс ліцэнзавання на эксплуатацыю небяспечных вытворчасцей і аб'ектаў ідзе павольна - МНС
8 лютага, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. МНС адзначае недастатковую аператыўнасць суб'ектаў па падачы дакументаў для атрымання ліцэнзій на эксплуатацыю ўключаных у пералік пажара- і выбуханебяспечных вытворчасцей і аб'ектаў з масавым знаходжаннем людзей. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміў міністр па надзвычайных сітуацыях Уладзімір Вашчанка. У Віцебску ён сустракаўся з працоўным калектывам ТАА "ПА "Энергакамплект".
Па словах міністра, інфармацыя аб аб'ектах, дзейнасць якіх падлягае ліцэнзаванню, даведзена да ўсіх зацікаўленых асоб. Пытанні былі разгледжаны на калегіі МНС. Аднак сам працэс падачы дакументаў для атрымання ліцэнзій праходзіць павольна. "Работа пакідае жадаць лепшага", - канстатаваў міністр.
Міністэрства мае намер узяць сітуацыю пад кантроль і там, дзе адсутнічае актыўная праца, прымаць меры і інфармаваць органы ўлады аб невыкананні патрабаванняў. У бліжэйшы час будзе праведзены маніторынг сітуацыі з атрыманнем ліцэнзій на эксплуатацыю небяспечных вытворчасцей і аб'ектаў.
У Беларусі ў канцы мінулага года ўпершыню быў зацверджаны пастаянна дзеючы пералік пажара- і выбуханебяспечных вытворчасцей і аб'ектаў з масавым знаходжаннем людзей, эксплуатацыя якіх падлягае ліцэнзаванню. У ім вызначаны і канкрэтызаваны найбольш патэнцыйна небяспечныя вытворчыя аб'екты, дзе магчыма наяўнасць значнай колькасці лёгкаўзгаральных і гаручых рэчываў (вадкасцей, газаў, пылу). Ліцэнзаванню таксама падлягаюць аб'екты з масавым знаходжаннем людзей, у якіх можа адначасова знаходзіцца больш за 800 чалавек. Уладальнікі аб'ектаў, пазначаных у пераліку, павінны будуць атрымаць ліцэнзію на эксплуатацыю да 1 сакавіка 2011 года. -0-