Правядзенне кірмашоў вакансій аднавілі ў Віцебску

Кірмашы вакансій у раённых адміністрацыях Віцебска будуць праводзіцца штомесяц. Пра гэта сёння паведаміла намеснік старшыні Віцебскага гарвыканкама Зінаіда Каралёва на першым падобным мерапрыемстве ў адміністрацыі Кастрычніцкага раёна.

Першы за шмат гадоў кірмаш вакансій у горадзе выклікаў вялікі ажыятаж: толькі да пачатку мерапрыемства ў зале сабралася больш за 350 чалавек, і новыя суіскальнікі працягвалі падыходзіць на працягу гадзіны.

– Прызнаюся шчыра, не чакалі такой колькасці, але рады, што людзі зацікаўлены. Працаўладкаванне сёння – адна з самых актуальных тэм. У век камп'ютарных тэхналогій і камунікацый, здавалася б, шукаць працу стала прасцей дыстанцыйна. Але, як мы бачым, у жывой сустрэчы наймальніка і суіскальніка працоўнага месца ёсць неабходнасць. Так людзі даведаліся аб магчымасцях пераабучэння, напрамую ад прадстаўнікоў арганізацый пачулі, якія ёсць прапановы, задалі пытанні, расказалі пра сябе. І калі цікавасць узаемная – дамовіліся ўжо аб паўнавартаснай гутарцы з усімі юрыдычнымі тонкасцямі прыёму на працу. Думаю, гэта скарачае шлях да працаўладкавання. Таму ўжо ў бліжэйшы час мы правядзём аналагічныя мерапрыемствы ў адміністрацыях Першамайскага і Чыгуначнага раёнаў і затым працягнем гэту практыку на рэгулярнай аснове – штомесяц ці часцей, – заявіла Зінаіда Каралёва.

Яна падкрэсліла, што вопыт першага кірмашу вакансій будзе ўлічаны і "шэраховасці", якія ўзніклі ў плане размеркавання патоку грамадзян, выпраўлены. На мерапрыемстве прысутнічалі прадстаўнікі кіраўніцтва і спецыялісты па кадрах 11 прадпрыемстваў раёна і тэрытарыяльнага аддзела адукацыі, спорту і турызму. Сярод іх транспартныя прадпрыемствы, абутковыя і швейныя вытворчасці, "Віцебскаблгаз" і "Віцебскводаканал", філіял РУП "Белпошта" і іншыя. Яшчэ 22 арганізацыі дэлегавалі права прадстаўляць іх раённай адміністрацыі. У сукупнасці яны прадставілі ўвазе суіскальнікаў каля 340 вакансій.

– А ў цэлым на сённяшні дзень гарадская служба занятасці прапануе каля 780 вакансій, у асноўным, на рабочыя спецыяльнасці. Пры гэтым яшчэ ўчора ўвечары іх

было каля 670. Гэта сведчыць аб тым, што і наймальнікі актывізаваліся. І гэты працэс будзе працягвацца, пакуль ёсць неабходнасць, – адзначыла Зінаіда Каралёва.

Акрамя зносін з патэнцыйнымі наймальнікамі, у наведвальнікаў кірмашу вакансій была магчымасць даведацца ў спецыялістаў гарадской службы занятасці аб усіх месцах працы, праграмах перападрыхтоўкі, іншых варыянтах садзейнічання ў працаўладкаванні, а таксама пагутарыць з кіраўніцтвам раённай адміністрацыі і дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Аляксандрам Цецохам.

БелТА.