Правядзенне выязных прыёмаў грамадзян чыноўнікамі высокага рангу захоўвае актуальнасць - А.Канюк

26 кастрычніка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Правядзенне выязных прыёмаў грамадзян чыноўнікамі высокага рангу захоўвае сваю актуальнасць. Такое меркаванне выказаў сёння карэспандэнту БЕЛТА генеральны пракурор Беларусі Аляксандр Канюк, які праводзіў прыём грамадзян па асабістых пытаннях на СААТ "Марка" у Віцебску. "Сэнс правядзення прыёмаў ёсць, таму што яны дазваляюць дапамагчы людзям у вырашэнні надзённых пытанняў", - падкрэсліў Аляксандр Канюк. Ён адзначыў, што вынікам гэтай работы з'яўляецца зніжэнне колькасці зваротаў грамадзян. "Памятаю першы год, калі пачаў працаваць, прыходзілі па 20-30 чалавек, цяпер - значна менш, і пытанні не вельмі складаныя. Такім чынам, актуальнасць у правядзенні прыёмаў чыноўнікамі высокага рангу захоўваецца. Акрамя таго, не кожны чалавек зможа паехаць для вырашэння свайго пытання ў Мінск, таму для насельніцтва гэта важна", - дадаў ён. На асабісты прыём да Аляксандра Канюка прыйшлі дзесяць чалавек. Пры гэтым тэматыка іх зваротаў аказалася дастаткова шырокай. У прыватнасці, узнімаліся пытанні абгрунтаванасці судовага прыгавору, правамернасці дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі, факты перавышэння імі службовых паўнамоцтваў, зямельныя і кватэрныя пытанні. Па кожным звароце генеральны пракурор Беларусі даў тлумачэнні і даручыў узяць на кантроль вырашэнне гэтых пытанняў прадстаўнікам зацікаўленых службаў і ведамстваў. Пасля заканчэння прыёму ён правёў сустрэчу з калектывам СААТ "Марка".-0-