Правадніца атрымала год умоўна за траўмаванне пасажыркі на станцыі Віцебск

Проводница получила год условно за травмирование пассажирки на станции Витебск

Правадніца цягніка Мінск - Мурманск асуджана да году пазбаўлення волі ўмоўна за злачынную недбайнасць, што пацягнула траўмаванне пасажыра. Выяздное судовае пасяджэнне па гэтай справе адбылося ў Віцебску.

12 кастрычніка 2014 года на станцыі Віцебск пажылая жанчына атрымала цяжкія цялесныя пашкоджанні. Пасажырка хацела пакінуць вагон цягніка Мінск-Мурманск, калі той ужо пачаў рух.

"Маладая правадніца Мінскага вагоннага ўчастка УП "Мінскае аддзяленне Беларускай чыгункі" 1989 года нараджэння ў парушэнне правілаў эксплуатацыі чыгуначнага транспарту адкрыла адкідную пляцоўку для высадкі жанчыны. З аднаго боку, пасажырка сама настойвала на тым, што ёй трэба сысці, але, з другога боку, правадніца павінна была гэтаму перашкаджаць, прадугледжваючы магчымую небяспеку", - паведаміў памочнік Віцебскага транспартнага пракурора Арцём Заікін.

У выніку пажылая жанчына пры выхадзе з цягніка, які рухаўся, упала на спіну і ўдарылася галавой, атрымаўшы цяжкія пашкоджанні. Прэтэнзій да правадніцы ў яе няма, таму і ў судзе яна не прысутнічала.

З улікам гэтага, а таксама таго, што абвінавачваная з'яўляецца маці-адзіночкай, суд пакараў дзяўчыну па ч. 1 арт. 314 КК (Парушэнне правілаў бяспекі руху або эксплуатацыі чыгуначнага транспарту) да году пазбаўлення волі ўмоўна з пазбаўленнем права працаваць правадніком пасажырскага вагона ў цягніках тэрмінам таксама на год. Яшчэ да суда яна звольнілася і цяпер атрымлівае вышэйшую адукацыю.

"Гэта даволі рэдкі выпадак. Па гэтым артыкуле ў практыцы Віцебскай транспартнай пракуратуры не было спраў як мінімум 10 гадоў. Таму пасяджэнне выклікала вялікі рэзананс сярод работнікаў Віцебскага ўпраўлення Беларускай чыгункі, у вагонным участку якога яно праходзіла.

Многіх, асабліва маладых праваднікоў, цікавіла, як трэба было паступіць у такой сітуацыі. Гэта быў хваставы вагон, і па правілах яго дзверы павінны быць адчынены пры адпраўленні цягніка. Але ў любым выпадку адкідваць пляцоўку для высадкі не трэба было - за гэта парушэнне правадніца і была пакараная", - заключыў Арцём Заікін.

Кацярына Князева, БЕЛТА