Прагучалі «Дняпроўскія галасы ў Дуброўне»
Прадстаўнікі шасці краін – Беларусі, Расіі, Латвіі, Літвы, Малдовы і Польшчы – удзельнічалі ў Міжнародным фестывалі песні і музыкі «Дняпроўскія галасы ў Дуброўна», які праходзіў у 26-ы раз.



На працягу трох дзён Дубровеншчына спявала і танцавала, здзіўляла новымі праектамі і шырокай праграмай.
– На працягу ўсёй сваёй гісторыі гэты творчы форум з гонарам выконвае высакародную місію захавання пераемнасці пакаленняў і прымнажэння лепшых традыцый песні і музыкі, – адзначыў старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Церанцьеў. – Кожнае мерапрыемства фестывалю напоўнена асаблівым сэнсам і складае ўнікальную культурную мазаіку. А новыя праекты дазваляюць форуму развівацца і пашырацца, набываць зусім іншы фармат, які, думаю, прыжывецца тут.
Дубравушке – 20 гадоў
У 2019-м аднаму з галоўных брэндаў фестывалю – ляльцы Дубравушке – споўнілася два дзесяцігоддзі. Дзякуючы мясцовым майстрыцам Клаўдзіі Гарэлікавай і Зоі Сімуцінай ляльку пачалі ўручаць усім ганаровым гасцям фестывалю. Так Дубравушка ў нацыянальным строі стала брэндам творчага форуму. Праз 10 гадоў праект вырашылі пашырыць і абвясцілі конкурс на лепшую ляльку сярод творчых калектываў – удзельнікаў «Дняпроўскіх галасоў у Дуброўна». Работы, якія занялі прызавыя месцы, заставаліся ў фондах музея. На сённяшні дзень у гісторыка-краязнаўчым музеі налічваецца 190 лялек. Сёлета да традыцыйнай праграмы дадалося двухдзённае спаборніцтва на лепшую працу, якую майстры з розных куткоў Беларусі, Расіі і Рэспублікі Татарстан выконвалі прама падчас фестывалю.
– Мы ўпершыню прымаем удзел у такім конкурсе, – кажа рукадзельніца з Рэспублікі Татарстан Айсіяр. – Прывезлі некалькі сваіх лялек з горада Мамадыш і паказваем майстар-клас тут, у Дубровне. У нас яны апрануты ў розныя ўборы, але кожны з іх – у нацыянальных традыцыях. Выдатна, што ёсць такі конкурс, асабліва міжнародны, дзе можна паказаць сваё майстэрства і паглядзець на ўменне і традыцыі іншых народаў.
А паглядзець сапраўды было на што – лялькі з тканіны, бяросты, саломкі, дрэва… І кожная з іх – у асаблівым нацыянальным уборы.
Спадчына вярнулася на радзіму
Праграма форуму была насычана падзеямі, прысвечанымі Году малой радзімы. Самае значнае – перадача рэканструяванай Бібліі для народа майстра народнага лубка Васіля Карэня гісторыка-краязнаўчаму музею. Цяпер апроч самых вядомых музеяў Італіі, Англіі, Венецыі, Францыі, Мексікі, Германіі і Расіі, такое выданне ёсць у Дубровне. Яго прывезлі на гістарычную радзіму гравера з Акадэміі народнага мастацтва Расіі.
– Я рады пакланіцца дубровенскай зямлі, якая нарадзіла вялікага майстра Васіля Карэня, – сказаў на ўрачыстым адкрыцці выставы прэзідэнт Акадэміі, віцэ-прэзідэнт РусКультФонда Віктар Пінзін. – Праз 325 гадоў з дня стварэння Бібліі для народа мы адкрываем першую на беларускай зямлі выставу гравюр земляка. Спадчына Карэня вярнулася дадому. Да гэтага дня я ішоў 35 гадоў. Калі толькі пачынаў рэканструяваць лісты Бібліі, мне і ў галаву не прыходзіла, што калі-небудзь буду стаяць на зямлі свайго куміра і з пашанаю адкрываць выставу ў яго гонар.
Вядомы маскоўскі мастак абвясціў прысутным аб сваім рашэнні стварыць помнік Васілю Карэню і ўсталяваць яго побач з гісторыка-краязнаўчым музеем у Дубровне на 27-м Міжнародным фестывалі ў наступным годзе.
Яшчэ адной значнай фестывальнай падзеяй, прысвечанай Году малой радзімы і 75-годдзю вызвалення Беларусі, стала прэм’ера спектакля «Не пакідай мяне» з удзелам беларускага акцёра і драматурга, ураджэнца в. Клёны Дубровенскага раёна Аляксея Дударава, які сыграў у п’есе ролю палкоўніка.
Аляксей Ануфрыевіч выказаў шкадаванне, што не часта бывае на сваёй малой радзіме.
– У маёй душы толькі цёплыя ўспаміны пра Дубровеншчыну, – адзначыў драматург. – Тут заўсёды цёпла і душэўна. На мой погляд, няма паняцця малая радзіма. Ёсць проста радзіма. Усе мы людзі і ўсе павінны клапаціцца пра свой родны дом.
Па галоўнай вуліцы з аркестрам
Агляд-конкурс аркестраў народных інструментаў сабраў у Дубровне амаль тры сотні чалавек. Пад творчым купалам фестывалю аб’ядналіся артысты з усіх куткоў Віцебскай вобласці. І на працягу суботняга дня жывая музыка гучала адразу на некалькіх пляцоўках – галоўнай сцэнічнай, у дзіцячым парку, каля школы мастацтваў, будынка Белдзяржстраху, гісторыка-краязнаўчага музея.
Кожны з 16 калектываў падрыхтаваў па тры нумары: інструментальнае выкананне, вакал і чытальнікі. Рэпертуар прысвечаны 75-годдзю вызвалення Беларусі.
– Сёлета нам не давялося сядзець на месцы, – кажа старшыня журы, заслужаны дзеяч культуры Беларусі Мікалай Пашынскі. – Дарослыя і дзіцячыя аркестры былі размяркаваны па ўсім райцэнтры. Гэты праект – адзін з самых маладых на фестывалі. Ён з’яўляецца яшчэ і своеасаблівай праверкай творчых магчымасцей Віцебшчыны – як калектывы растуць прафесійна, развіваюцца. Радуе, што ёсць дынаміка, ёсць развіццё.
Зюмінкай праграмы стала дэкламацыя пад аркестр. Тут музыканты павінны былі адчуваць чытальніка: своечасова рабіць паўзы, кульмінацыі і г.д. І гэта з поспехам удалося ўсім 16 калектывам.
Не толькі конкурс фальклорных, танцавальных і вакальных калектываў, іх выступленні на галоўнай сцэне раёна і заключны гала-канцэрт карысталіся папулярнасцю ў гледачоў. Цікавасць выклікалі выстава гасцінных, тэматычна ўпрыгожаных падворкаў сельскіх Дамоў культуры, устаноў і прадпрыемстваў раёна, выставы народных майстроў. Тэатралізаванае шэсце, канцэрт беларускай групы «Дразды», гала-канцэрт з удзелам Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Беларусі ім. Г. Цітовіча. Было шматлюдна і на начной дыскатэцы, якая разам з феерверкам завяршыла насычаную фестывальную праграму.
ВОЛЬГА ЛЕБЕДЗЕВА, "Віцебскія весці".