Птушкафабрыка "Гарадок" плануе пабудаваць біягазавую энергетычную ўстаноўку
26 лютага, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Рэспубліканскае унітарнае сельскагаспадарчае прадпрыемства "Птушкафабрыка Гарадок" плануе пабудаваць біягазавую энергетычную ўстаноўку, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік дырэктара прадпрыемства Барыс Чачко.
Біягазавая энергетычная ўстаноўка прызначана для перапрацоўкі арганічных адходаў птушкафабрык і жывёлагадоўчых ферм у біягаз і біяўгнаенні шляхам бескіслароднага браджэння. Атрыманы пры гэтым біягаз (метан) можа быць выкарыстаны ў энергаблоку ў якасці паліва для атрымання электраэнергіі і цяпла для патрэб фабрыкі.
Кошт праекта складае каля 2 млн. еўра. Яго рэалізацыя дазволіць прадпрыемству вырашыць адразу тры пытанні: арганізаваць замкнёны цыкл вытворчасці, знізіць кошт энергетычных рэсурсаў і ліквідаваць праблему ўтылізацыі адходаў. "Знаёмства з вопытам Германіі па арганізацыі біягазавай вытворчасці паказала высокую эфектыўнасць такіх праектаў. Аднак у Беларусі падобныя праекты пакуль не рэалізоўваліся", - адзначыў намеснік дырэктара.
Акрамя таго, у планах прадпрыемства асвоіць выпуск вадкіх яечных прадуктаў, якія ў цяперашні час шырока запатрабаваны прадпрыемствамі харчовай галіны. З гэтай мэтай плануецца ўсталяваць новую тэхналагічную лінію з магутнасцю перапрацоўкі каля 100 тыс. яек у змену. Кошт праекта - 200 тыс. еўра.
Для рэалізацыі гэтых праектаў птушкафабрыка вядзе пошук інвестараў, таму прапановы прадстаўлены на міжнародным інвестыцыйным форуме, які праходзіць 25-26 лютага ў Віцебску, дадаў Барыс Чачко.
У 2009 годзе прадпрыемства выпусціла прадукцыі на Br35,5 млрд., што на 15% больш у параўнанні з аналагічным перыядам 2008 года. Паказчык па энергазберажэнні склаў мінус 12,1% пры заданні мінус 12%. Экспартныя пастаўкі ажыццяўляліся толькі ў Расію, куды было адгружана курыных яек на $2,4 млн. Удзельная вага экспарту ў аб'ёме рэалізацыі склала 37,7%. Інвестыцыі ў развіццё вытворчасці за мінулы год дасягнулі Br6,1 млрд.-0-