Птушкафабрыка "Гарадок" плануе павялічыць перапёлачную гаспадарку ў чатыры разы
10 жніўня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Рэспубліканскае унітарнае сельскагаспадарчае прадпрыемства "Птушкафабрыка "Гарадок" плануе павялічыць перапёлавую гаспадарку ў чатыры разы, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік дырэктара прадпрыемства Барыс Чачко.
У цяперашні час у птушніку, размешчаным на асноўнай пляцоўцы прадпрыемства ў вёсцы Суравані Гарадоцкага раёна, вырошчваецца 8 тыс. перапёлак, штодзённы збор яек ад якіх складае 6 тыс. штук. "З улікам узросшага попыту на гэту прадукцыю, птушкафабрыка плануе павялічыць колькасць птушак на 24 тыс. і давесці магутнасці вытворчасці перапёлавых яек да 20 тыс. штук у суткі", - распавёў Барыс Чачко.
Ужо падрыхтавана птушкагадоўчае памяшканне, вырашаецца пытанне з набыццём абсталявання коштам Br200 млн. Акрамя таго, прадпрыемства разглядае крыніцы фінансавання для рэалізацыі праекта па рэканструкцыі двух птушнікаў для павелічэння вытворчасці яек і чатырох птушнікаў па вырошчванні бройлерных куранят. Рэалізацыя праекта дазволіць павялічыць гадавы аб'ём вытворчасці яек па адным птушніку на 15%, або 1,5 млн. штук, мяса птушкі адпаведна - на 25%, або 400 т.
За студзень-ліпень птушкафабрыка выпусціла прадукцыі на Br24 млрд. Рэнтабельнасць продажаў станоўчая. На экспарт у Расію адгружана 25,3 млн. штук курыных яек на Br4,5 млрд. Удзельная вага экспарту ў агульным аб'ёме рэалізацыі склала 36,1%. На прадпрыемстве абсталявана 16 птушкагадоўчых памяшканняў па вытворчасці яек і 8 - па вырошчванні бройлерных куранят. Гадавы аб'ём выпуску прадукцыі складае 140 млн. штук яек і 3 тыс.т мяса.
Птушкафабрыка "Гарадок" створана ў 1972 годзе. Асноўная вытворчасць знаходзіцца ў вёсцы Суравані Гарадоцкага раёна, дзе наладжаны выпуск курыных і перапёлавых яек. Дадатковы вытворчы ўчастак па вырошчванні бройлерных куранят размешчаны ў вёсцы Хайсы Віцебскага раёна. Фірмовы гандаль прадстаўлены 8 магазінамі ў Віцебску і Гарадоцкім раёне.-0-