Птушкафабрыка "Гарадок" у 2011 годзе накіруе на развіццё вытворчасці каля Br4 млрд.

23 мая, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Рэспубліканскае унітарнае сельскагаспадарчае прадпрыемства "Птушкафабрыка "Гарадок" у 2011 годзе плануе накіраваць на развіццё вытворчасці каля Br4 млрд. Аб гэтым паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік дырэктара прадпрыемства Барыс Чачко. За кошт гэтых сродкаў маюць намер рэалізаваць праект па рэканструкцыі двух птушнікаў для павелічэння вытворчасці яйка і чатырох птушнікаў па вырошчванні бройлераў. Рэалізацыя праекта дазволіць павялічыць гадавы аб'ём вытворчасці яйка па адным птушніку на 15%, або 1,5 млн. штук, мяса птушкі адпаведна - на 25%, або 400 т. Падрыхтоўчыя работы да правядзення рэканструкцыі ў птушкагадоўчых памяшканнях ужо пачаліся. Завяршыць праект плануецца да канца года. Птушкафабрыка ў студзені-красавіку выпусціла прадукцыі на Br14 млрд. Рэнтабельнасць продажаў станоўчая. На экспарт у Расію адгружана 13,1 млн. штук курыных яек на $870 тыс. Удзельная вага экспарту ў агульным аб'ёме рэалізацыі склала 31,6%. На прадпрыемстве абсталявана 16 птушкагадоўчых памяшканняў па вытворчасці яек і 8 - па вырошчванні бройлераў. Гадавы аб'ём выпуску прадукцыі складае 140 млн. штук яек і 3 тыс. т мяса. У цяперашні час птушкафабрыка шукае інвестара для будаўніцтва біягазавай энергетычнай устаноўкі. Птушкафабрыка "Гарадок" створана ў 1972 годзе. Асноўная вытворчасць знаходзіцца ў вёсцы Сураўні Гарадоцкага раёна, дзе наладжаны выпуск курыных і перапёлавых яек. Дадатковы вытворчы ўчастак па вырошчванні бройлераў размешчаны ў вёсцы Хайсы Віцебскага раёна. Фірменны гандаль прадстаўлены 8 магазінамі ў Віцебску і Гарадоцкім раёне.-0-