Пункты ЦТ з 9 ліпеня пачнуць выдаваць сертыфікаты абітурыентам
9 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сёння пункты тэсціравання пачынаюць выдаваць абітурыентам сертыфікаты цэнтралізаванага тэсціравання, якое прайшло ў асноўны і рэзервовы дзень. Пра гэта паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар Рэспубліканскага інстытута ведаў Мікалай Феськоў.
РІКВ завяршыў праверку тэстаў і ўжо перадаў усе сертыфікаты ў пункты тэсціравання. Мікалай Феськоў адзначыў, што ў гэтым годзе дзве абітурыенткі атрымалі двойчы 100 балаў. "Па двух прадметах ЦТ атрымалі ў гэтым годзе 100 балаў - выпускніца гімназіі №11 Мінска Таццяна Бараноўская, у якой вышэйшы бал па рускай мове і гісторыі Беларусі, і выпускніца сярэдняй школы №2 Навалукомля Карына Пачко, якая паказала абсалютны вынік па хіміі і біялогіі", - сказаў Мікалай Феськоў.
Сертыфікаты, як і ў мінулым годзе, будуць выдадзены ўсім, хто атрымаў ад 1 і вышэй балаў. З гэтага года паступаючыя, якія набралі на ЦТ 1-6 балаў, не змогуць падаць свае дакументы ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Ім прадастаўлена права атрымаць сярэднюю спецыяльную адукацыю. Тыя, хто набраў 0 балаў, будуць пазбаўлены права падаваць дакументы для ўдзелу ў конкурсе як у ВНУ, так і ССНУ. Першымі імкнуцца атрымаць сертыфікаты абітурыенты, якія плануюць паступаць у ВНУ сілавых ведамстваў і культуры. Бо для іх з гэтага дня ўжо адкрыта магчымасць падачы дакументаў у прыёмныя камісіі.
Спецыялісты РІКВ у гэты час пачынаюць падводзіць вынікі праведзеных выпрабаванняў. Мікалай Феськоў адзначыў, што для ўдзелу ў ЦТ па рускай мове было зарэгістравана 95 тыс. 900 чалавек. З іх - 93 тыс. 507 чалавек прайшлі ЦТ, 19 былі выдалены. У цэлым вынікі выканання тэстаў па гэтым прадмеце нязначна адрозніваюцца ад леташніх. Сто балаў атрымалі па рускай мове 19 абітурыентаў. У 2011 годзе такіх шчасліўчыкаў было 7 чалавек. Ноль балаў у трох удзельнікаў ЦТ па рускай мове. Сем балаў па рускай не набралі 3,67% абітурыентаў.
Для ўдзелу ў ЦТ па беларускай мове зарэгістраваліся 45 тыс. 199 чалавек. Прайшлі ЦТ - 44 тыс. 70 чалавек, 6 былі выдалены. Як адзначыў Мікалай Феськоў, 100 балаў па беларускай атрымалі 7 абітурыентаў, у 2011 годзе іх было пяцёра. Ноль балаў у аднаго ўдзельніка гэтага выпрабавання. Па беларускай мове не набралі 7 балаў 2,65% абітурыентаў.
Для ўдзелу ў ЦТ па матэматыцы было зарэгістравана 95 тыс. 163 чалавекі. З іх 91 тыс. 437 прайшлі ЦТ, 17 былі выдалены. Прычым 100 балаў на цэнтралізаваным тэсціраванні па матэматыцы атрымалі 46 абітурыентаў (у мінулым годзе іх было 33). Разам з тым, не пераадолелі парог у 7 балаў 11,27% ад агульнай колькасці абітурыентаў. Гэты вынік супастаўны з мінулым годам, калі такіх абітурыентаў было амаль 11%.
Фізіку планавалі здаваць 44 тыс. 120 чалавек. З іх 41 тыс. 572 прайшлі ЦТ. Пяць чалавек былі выдалены. Выканаць усе 30 заданняў за адведзеныя 180 хвілін і набраць 100 балаў змаглі толькі два ўдзельнікі тэсціравання па фізіцы. Не справіўся ні з адным заданнем, а значыць, набраў 0 балаў, 41 абітурыент. Не пераадолелі парог у 7 балаў больш за 9% (3 тыс. 915 абітурыентаў).
Для ўдзелу ў ЦТ па замежных мовах было зарэгістравана 34 тыс. 804 чалавекі (англійская мова - 27 тыс. 983, нямецкая - 5 тыс. 226, французская - 1 тыс. 267, іспанская - 328), прайшлі ЦТ 33 тыс. 74 абітурыенты (26 тыс. 646 - па англійскай мове, 4 тыс. 923 - па нямецкай, 1 тыс. 194 - па французскай і 311 - па іспанскай мове). Адзін з удзельнікаў ЦТ па англійскай мове быў выдалены. 100 балаў у бягучым годзе атрымалі 2 удзельнікі тэсціравання па англійскай мове і 2 - па нямецкай. Максімальны бал (98) па французскай і іспанскай мовах атрымалі па адным удзельніку тэсціравання. Не змаглі правільна выканаць ні аднаго задання па англійскай мове 4 чалавекі, па нямецкай - 2. Не пераадолелі парог у 7 балаў 0,1% абітурыентаў па англійскай мове, 0,04% - па нямецкай і 0,08% - па французскай.
Для ўдзелу ў ЦТ па хіміі было зарэгістравана 16 тыс. 687 чалавек. З іх 16 тыс. 119 прайшлі ЦТ, 1 чалавек быў выдалены. 17 удзельнікаў цэнтралізаванага тэсціравання па хіміі правільна выканалі ўсе 50 заданняў і атрымалі 100 балаў. Не справіліся ні з адным з прапанаваных пытанняў тры абітурыенты. 30 абітурыентаў (0,2%) не пераадолелі парог у 7 балаў.
Для ўдзелу ў ЦТ па біялогіі было зарэгістравана 28 тыс. 636 чалавек. З іх 27 тыс. 652 прайшлі ЦТ. Адзін чалавек быў выдалены. У параўнанні з мінулым годам вырасла колькасць абітурыентаў, якія атрымалі 100 балаў, - 7 чалавек. У мінулым годзе на вышэйшы бал выйшаў толькі адзін абітурыент. Значна зменшылася колькасць абітурыентаў, якія атрымалі нуль балаў, - 3 чалавекі. У 2011 годзе іх было 11. Парог у 7 балаў не пераадолелі 0,15% удзельнікаў тэсціравання па біялогіі.
Для ўдзелу ў ЦТ па гісторыі Беларусі было зарэгістравана 21 тыс. 653 чалавекі. З іх 20 тыс. 426 прайшлі ЦТ. Трое былі выдалены. Вынікі па гісторыі Беларусі аказаліся вышэйшымі за леташнія. Максімальны 100-бальны вынік атрымалі 16 абітурыентаў, а нулявы (мінімальны) - адзін абітурыент. Парог у 7 балаў не змаглі пераадолець 0,05% удзельнікаў тэсціравання, якія выконвалі тэст па гісторыі Беларусі.
Для ўдзелу ў ЦТ па сусветнай гісторыі было зарэгістравана 1 тыс. 876 чалавек. Прайшлі выпрабаванне 1 тыс. 749 абітурыентаў. Вышэйшы бал на ЦТ па сусветнай гісторыі найноўшага часу быў - 99, а мінімальны - 2 балы. Абітурыентаў, якія б не справіліся ні з адным з прапанаваных пытанняў, няма. Не пераадолелі парог у 7 балаў на цэнтралізаваным тэсціраванні па сусветнай гісторыі найноўшага часу толькі тры чалавекі.
Для ўдзелу ў ЦТ па грамадазнаўстве было зарэгістравана 9 тыс. 441 чалавек. З іх 9 тыс. 13 прайшлі ЦТ. 100 балаў на ЦТ па грамадазнаўстве атрымалі 5 чалавек. Два ўдзельнікі здалі выпрабаванні на нуль балаў. Яшчэ каля 0,2% удзельнікаў ЦТ не пераадолелі ўстаноўлены парог у 7 балаў.
Апошнім быў напісаны тэст па геаграфіі. Для ўдзелу ў ЦТ было зарэгістравана 2 тыс. 363 чалавекі. З іх 2 тыс. 220 прайшлі выпрабаванні. Максімальны бал (98) атрымалі 3 удзельнікі тэсціравання. Мінімальны бал (3) атрымалі па выніках выканання тэсту 2 чалавекі. Ноль балаў не атрымаў ні адзін паступаючы. Пры гэтым восем удзельнікаў тэсціравання па геаграфіі не пераадолелі парог у 7 балаў.
У цэлым, у 2012 годзе адзначаецца рост паказчыкаў выканання тэстаў практычна па ўсіх прадметах. Змест тэставых заданняў адпавядаў патрабаванням праграмы ўступных выпрабаванняў. Матэрыял па 14 прадметах быў дакладна і лагічна структураваны. Заданні мелі адназначны правільны адказ і былі размеркаваны па пяці ўзроўнях складанасці. Гэта значыць, што для ўсіх без выключэння ўдзельнікаў тэсціравання ў тэсце былі даступныя заданні. -0-