Шлях Ірыны Дарафеевай па Беларусі "Пад мірным небам" усыпаны кветкамі

7 жніўня, Мінск /Жанна Котлярова - БЕЛТА/. Вядомую спявачку, заслужаную артыстку Беларусі Ірыну Дарафееву, якая здзяйсняе свой гастрольны тур "Пад мірным небам", удзячныя сельскія гледачы ў літаральным сэнсе абсыпаюць кветкамі. Як паведаміў карэспандэнту БЕЛТА прадзюсар спявачкі Юрый Савош, кветак Ірыне дораць так шмат, што пасля выступлення імі загружаецца аўтобус, а затым іх расстаўляюць усюды, дзе толькі можна, у гасцініцы, у якой спынілася каманда Тэатра песні Ірыны Дарафеевай. Усе палісаднікі і лужкі пустыюць пасля канцэртаў беларускіх выканаўцаў у аграгарадках. Зрэшты, бываюць і не класічныя прэзенты ў выглядзе кветак. Прыносяць вяскоўцы і рыбу, вылаўленую ў мясцовым возеры, кошыкі з яблыкамі і грыбамі. Людзі шчыра дзякуюць артыстаў за канцэрты, дзе добра вядомыя ім песні "Сарочка", "Рэчанька", "Мая Белая Русь" выконваюцца нажыва. Для многіх гледачоў у вёсках канцэрт прафесійных выканаўцаў - вялікае свята. Яны і прыходзяць, як на свята, прыбраныя: жанчыны ў новых размаляваных хустках, мужчыны - пры гальштуках. "Радуе, што амаль усе песні гледачы выконваюць разам з Ірынай ад пачатку і да канца. І зусім не важна, што ў якасці сцэны часам служыць трактарны прычэп або наспех збіты подыум з дошак. Людзі радуюцца, атрымліваюць станоўчыя эмоцыі. А пасля канцэртаў нам тэлефануюць кіраўнікі гаспадарак і распавядаюць пра феномен павышэння ўраджайнасці і прадукцыйнасці працы", - падзяліўся Юрый Савош. У воінскіх часцях хлопцы таксама не прамах - і падпяваць могуць, і танцаваць гатовыя. Тур па Беларусі Ірыны Дарафеевай "Пад мірным небам" - традыцыя, якая пачалася ў 2005 годзе. Сёлета акцыя прысвечана 65-годдзю вызвалення Беларусі. Многія канцэрты праходзяць у воінскіх падраздзяленнях. У Гродзенскай і Брэсцкай абласцях канцэрты ў воінскіх часцях адбыліся яшчэ зімой. Цяпер Ірына Дарафеева і артысты яе тэатра выступаюць на Віцебшчыне. З 30 ліпеня па 17 верасня пройдзе каля 50 канцэртаў у маленькіх і вялікіх населеных пунктах рэгіёна. У дзень праходзіць па два канцэрты - у абедзенны перапынак, калі хлебаробы адпачываюць, і ўвечары, пасля завяршэння працоўнага дня.-0-